«Збіранне і чытанне кніг — не самыя кепскія звычкі»
Арганізатар мінскага фестывалю «Горад і Кнігі» Вольга Воўк расказвае пра няпросты шлях ад ідэі да выканання, сваю каманду, талісманы і гісторыю мерапрыемства, а таксама — трохі пра новы літаратурны конкурс ды новыя пачынанні.
* * *
Сітуацыя з выбарам працоўнага шляху ў мяне ў свой час склалася досыць стандартная: я не паступіла туды, куды хацела. Аддала дакументы на бібліятэчны, скончыла. І штораз, калі наважвалася сысці з прафесіі, падварочвалася нейкая цікавая справа, якую трэба было давесці да канца.
І вось так дасюль і ёсць. Зашмат цікавых спраў.
Любоў да чытання, думаю, на сёння рэч зусім не рэдкая. А тыя, хто робяць фестываль, звычайна пра сябе кажуць, што мы — закончаныя кніжнікі. Гэтым, напэўна, усё сказана.
У мяне дома вялікая бібліятэка. Я збіраю старыя савецкія выданні. Сучасныя — тут, на рабоце: у кватэры не змяшчаюцца. Увогуле, на мой густ, чытанне ды збіранне кніг — не самыя кепскія звычкі.
* * *
Адна з нашых даўніх ідэй — зладзіць хэнд-мэйд выстаўку з літаратурнымі персанажамі. Увогуле, нас ніколі не спыняе той факт, што, можа, і ўяўлення не маем, як рабіць нешта. Мы проста бяром і робім. І вось тады зусім не разумелі. Так што проста хадзілі па выстаўках лялек і казалі: «Слухайце, ёсць у нас такая ідэя... Можа, вы хочаце паўдзельнічаць?»
Была на першай выстаўцы работа, якая падняла хвалю абмеркаванняў — кібарг з «Космаэпапеі» Вольгі Грамыкі. Па сюжэце нага ў яго адарваная, ну і сядзеў гэты кібарг-лялька на банцы згушчонкі, правады з яго вытыркалі. Я сама вельмі прыязна стаўлюся да Вольгі, асабліва люблю тую першую кнігу «Космаэпапеі», і таму не дзіўна, што, калі работа засталася нам, мы яе сталі выстаўляць на кожным фестывалі. Яшчэ запомнілася авечка з кнігі Рыгора Барадуліна «Сябрына», яна ў мяне дасюль на застаўцы на ноўтбуку стаіць.
Адным словам, першая выстаўка «Усмешлівыя цуды» атрымалася, хай і далася складана: тэма ўсё ж такі была для нас новая. Ну і наконт назвы толькі лянівы не прайшоўся, маўляў, што ж вы робіце з вялікай ды магутнай, так жа не скланяецца! Але мы ўпартыя і зладзілі па-свойму.
* * *
Поўны тэкст публікацыі гл. у pdf–файле.
Звязда