Як нараджаюцца праекты будучыні

Фото: 
Новость: 

У БНТУ прайшоў Беларуска-кітайскі маладзёжны конкурс “ЭкаТэхнаКрос. Адзін пояс — адзін шлях”.

“ЭкаТэхнаКрос” — першы такі маштабны конкурс, ініцыіраваны Пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь разам з БНТУ. Ён доўжыўся некалькі дзён на розных пляцоўках, і ўдзел у ім прынялі студэнты, магістранты, аспіранты, вучоныя і спецыялісты (да 35 гадоў) з Беларусі і Кітая.

Прарэктар па вытворчай дзейнасці — генеральны дырэктар тэхнапарка БНТУ “Палітэхнік” Юрый Аляксееў, загадчык навукова-даследчага сектара перспектыўных тэхналогій тэхнапарка “Палітэхнік” Аляксандр Каралёў, саветнік Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Ло Чжаньхой ацанілі магчымасці новай лабараторыі.

У рамках конкурсу на базе Навукова-тэхналагічнага тэхнапарка БНТУ “Палітэхнік” была адкрыта Беларуска-кітайская інавацыйная лабараторыя маладых вучоных па інжынерыі паверхні, створаная пры падтрымцы Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь.

У новай лабараторыі ўстаноўлена абсталяванне больш чым на 17 тысяч долараў. Плануецца, што студэнты, магістранты, маладыя вучоныя з дзвюх краін пад кіраўніцтвам навукоўцаў БНТУ змогуць прыходзіць сюды са сваімі ідэямі, каб ажыццявіць іх і атрымаць гатовыя вырабы для будучага прасоўвання на рынак.

Абсталяванне, прадстаўленае ў лабараторыі, дазваляе праводзіць даследаванні для ўсіх галін прамысловасці — машынабудавання, металургіі, экалогіі, харчовай вытворчасці і іншых. Таму яно ўяўляе цікавасць для прадстаўнікоў усіх факультэтаў БНТУ.

Падчас адкрыцця лабараторыі госці маглі азнаёміцца з узорамі, якія можна атрымліваць на пастаўленым абсталяванні. Такім чынам, у маладзёжных стартапаў з’явілася яшчэ больш шансаў не застацца на паперы, а быць увасобленымі ў жыццё.

— Арганізатары паставілі мэту не толькі вылучыць пераможцаў, але і з’яднаць моладзь з дзвюх краін, — сказаў начальнік Беларуска-кітайскага цэнтра па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з КНР тэхнапарка “Палітэхнік” Аляксей Алдошын, — таму ў рамках конкурсу было арганізавана некалькі маштабных мерапрыемстваў. Маладыя людзі прынялі ўдзел у шэрагу інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтваў, што дапамагло ім пазнаёміцца і пасябраваць.

Напрыклад, адзін з дзён конкурсу прайшоў на базе Рэсурснага цэнтра “ЭкаТэхнаПарк — Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (Дзяржынскі раён). Канкурсанты пабывалі ў вучэбных лабараторыях цэнтра і змаглі на свае вочы ўбачыць перавагі альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Па выніках інфармацыйна насычанай экскурсіі быў арганізаваны бізнес-бой. Маладыя людзі падзяліліся на 5 каманд (змешаная беларуска-кітайская каманда, дзве каманды з розных факультэтаў БНТУ і дзве каманды каледжаў БНТУ — машынабудаўнічага і політэхнічнага). Перад імі была пастаўлена задача ўкаранення альтэрнатыўных крыніц энергіі ў штодзённае жыццё або ў прамысловасць. Пераможцаў бізнес-бою вызначыла прафесійнае журы. Пазней канкурсанты паўдзельнічалі ў навуковым квесце “Лаві магчымасці на старце!”, дзе таксама рашалі інтэлектуальныя задачы (з сапраўдным кросам паміж лабараторыямі тэхнапарка “Волма”).

Конкурс “ЭкаТэхнаКрос. Адзін пояс — адзін шлях” быў арганізаваны па двух напрамках: “Праект будучыні” (стартапы) і “Праект сёння” (інавацыйныя праекты). Тут маладыя людзі з дзвюх краін змаглі прадставіць свае інавацыйныя ідэі, якія ў далейшым могуць быць рэалізаваны на беларускіх і кітайскіх прадпрыемствах.

Конкурс “ЭкаТэхнаКрос” дэманструе інтэлектуальныя і творчыя магчымасці маладых грамадзян Беларусі і Кітая, адлюстроўвае разнастайнасць навукова-тэхнічных інтарэсаў моладзі ў розных галінах навукі і тэхнікі, а таксама перспектывы стварэння маладзёжных інавацыйных праектаў у рамках адзінай адукацыйнай і навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Кітая.

— На разгляд журы было прадстаўлена шмат цікавых праектаў, звязаных з медыцынай, інфармацыйнымі тэхналогіямі, металургіяй і г.д., — гаворыць Аляксей Алдошын. — Напрыклад, праект “Ультрагукавы хвалявод для лячэння ў медыцыне”, які ў выніку заняў 1-е месца, распрацоўвае аспірант машынабудаўнічага факультэта БНТУ Дай Вэньці сумесна з выкладчыкам і супрацоўнікам тэхнапарка “Палітэхнік” Аляксандрам Каралёвым. Гаворка ідзе пра разбурэнне тромбаў з дапамогай ультрагуку. І такіх перспектыўных праектаў шмат.

На цырымоніі закрыцця конкурсу “ЭкаТэхнаКрос. Адзін пояс — адзін шлях” былі адзначаны многія аўтары праектаў — прадстаўнікі Беларусі і Кітая. Усе пераможцы атрымалі каштоўныя прызы ад Пасольства КНР у Беларусі.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
четверг, июля 4, 2019
Интеллектуальная ответственность: 

Сідаровіч, Галіна

Источник: 

Настаўніцкая газета