Сплаў таленту і дапытлівасці

Фото: 
Новость: 

Калі б вы паспрабавалі здагадацца, у якой навуцы знайшла сябе гэтая пяшчотная дзяўчына, то правільны варыянт назвалі б, напэўна, у апошнюю чаргу. Яно і не дзіўна! Спецыяльнасць Настассі Арабей асацыіруецца хутчэй з дужымі мужчынамі і палаючым агнём, чым з маладой прыгажуняй. Але таленавіты чалавек тым і каштоўны для грамадства, што ўмее ламаць стэрэатыпы. Настасся Арабей — металург. Тэма дысертацыі, якую яна абараніла ў мінулым годзе, — “Рэсурсазберагальны сінтэз сілумінаў з выкарыстаннем матэрыялаў, якія ўтрымліваюць кварц”.

Як гэта часта бывае, у сваю такую сур’ёзную навуку Настасся Арабей прыйшла выпадкова. Пасля гімназіі яна ведала, што будзе паступаць у БНТУ. Але ёй вельмі хацелася паберагчы сваіх бацькоў і гарантавана паступіць на бюджэтнае навучанне. Таму падала дакументы туды, дзе быў не надта высокі конкурс, на механіка-тэхналагічны факультэт (спецыяльнасць “Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні”).

“Я заўсёды добра вучылася ў школе і была ўпэўнена, што гэтак жа добра буду вучыцца і ва ўніверсітэце, а таму меркавала, што ў перспектыве змагу перавесціся на іншы факультэт”, — успамінае Настасся. Пазней высветлілася, што са сваімі баламі яна магла прайсці практычна на любую спецыяльнасць БНТУ, але на момант паступлення ёй хацелася пэўнасці.

Як ні дзіўна, у групе аказалася больш дзяўчат, чым хлопцаў, — гэта быў першы такі набор на механіка-тэхналагічным факультэце, дзе дзяўчаты пераважалі. І калі Настасся пазнаёмілася з аднагрупнікамі, з выкладчыкамі, са спецыяльнасцю, яна захапілася і вырашыла нічога не мяняць. А з кожным годам вучыцца станавілася ўсё цікавей.

Тэхнічныя навукі даваліся Настассі надзвычай лёгка. І яна пайшла далей: паступіла на другую вышэйшую адукацыю і паралельна з асноўнай вучобай атрымала дыплом эканаміста. Потым была магістратура і аспірантура на кафедры “Металургія ліцейных сплаваў”.

“Я лічу, што тэхнічная спецыяльнасць — гэта правільны жыццёвы выбар, — гаворыць Настасся Арабей. — Інжынер можа атрымаць дадаткова і эканамічную, і юрыдычную адукацыю. А вось перавучыцца з гуманітарыя ў інжынера вельмі цяжка, а часта немагчыма. Што да маёй спецыяльнасці, то яна вельмі сучасная, запатрабаваная і надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Работу з такой спецыяльнасцю знайсці проста як у нашай краіне, так і за мяжой”.

У сваёй дысертацыйнай рабоце Настасся Арабей прапанавала альтэрнатыўны спосаб атрымання алюмініева-крэмніевага сплаву. “Традыцыйна алюміній сплаўляюць з крэмніем, — тлумачыць дзяўчына, — а я прапаноўваю замест крэмнію (SiO2) выкарыстоўваць кварцавы пясок. Справа ў тым, што крэмній — дарагая імпартная сыравіна. Прапанаваны метад дазваляе адмовіцца ад імпарту: у вытворчасці алюмініева-крэмніевага сплаву можна выкарыстоўваць алюмініевы лом і кварцавы пясок, якога ў нас дастаткова”.

Безумоўна, праца над дысертацыйным даследаваннем не была лёгкай. Настассі даводзілася самой праводзіць шматлікія плаўкі як у маленькіх печах, устаноўленых на факультэце, так і ў вялікіх — на ліцейным участку ўніверсітэта. Звычайна па вечарах, калі там спыняліся асноўныя работы.

На гэты час у Настассі Арабей ёсць пяць патэнтаў на прапанаваны спосаб вытворчасці і зроблены дзве новыя патэнтныя заяўкі. Яна ўдзельніца многіх навуковых конкурсаў і выстаў. У 2013 годзе на маскоўскай выставе-кірмашы “Метал-экспа” работа Настассі заняла 1 месца ў намінацыі “Лепшы маладзёжны праект”.

Яе распрацоўка ўжо прайшла апрабацыю на прадпрыемстве “Белцветмет”. Зараз у навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік” ствараецца доследны ўчастак, дзе пад прапанаваны Настассяй спосаб будзе ўстаноўлена адпаведнае абсталяванне і наладжана вытворчасць. У залежнасці ад таго, якія будуць заказы, плануецца вырабляць чушку алюмініева-крэмніевых сплаваў і канкрэтныя вырабы.

“Я лічу, што мне вельмі пашчасціла з навуковым кіраўніком — гэта кандыдат тэхнічных навук дацэнт кафедры “Металургія ліцейных сплаваў” Ігар Уладзіміравіч Рафальскі, — з удзячнасцю гаворыць Настасся. — Менавіта ён сфарміраваў мяне як навукоўца. Ведаеце, напачатку вельмі складана: ты не ўмееш правільна выказваць думкі, карыстацца тэхнічнымі тэрмінамі, пісаць артыкулы. Напішаш артыкул, прынясеш кіраўніку, а ён усё пакрэсліць і загадвае перапісваць. Зноў прынясеш — зноў пакрэсліць… Вось так, паступова, і вучышся ў настаўніка. А потым раптам усё пачынае атрымлівацца — і гэта шчасце! Ігар Уладзіміравіч заўсёды генерыраваў шмат ідэй. Напрыклад, зараз мы сумесна (у нашай групе яшчэ некалькі аспірантаў) займаемся неразбуральнымі сістэмамі кантролю якасці металу, у прыватнасці акустычным метадам”.

Планаў на доктарскую дысертацыю ў Настассі Арабей пакуль няма. Яна прызнаецца, што выхад на абарону кандыдацкай быў эмацыянальна вельмі цяжкі, таму патрэбен пэўны перапынак. Зараз чытае студэнтам лекцыі па галіновай экалогіі, вядзе лабараторныя і практычныя заняткі па інфарматыцы. А чатыры месяцы назад Настассю Вітальеўну прызначылі намеснікам дэкана па выхаваўчай рабоце механіка-тэхналагічнага факультэта, і часу на навуку амаль не засталося.

“Сумую па сваіх печах, — усміхаецца Настасся, — таму ўжо пара выбіраць: або развіваць ранейшы навуковы напрамак, або шукаць штосьці новае”.

Нягледзячы на тое, што металургія існуе ўжо сотні гадоў, на сённяшні дзень гэта адна з самых сучасных навук, якая актыўна развіваецца. З’яўляюцца новыя матэрыялы, дабаўкі і, галоўнае, ідэі, якія дазваляюць зрабіць новыя і даўно вядомыя сплавы больш таннымі. Работ і перспектыў у гэтым напрамку вельмі многа.

“Ёсць студэнты, якія збіраюцца ісці ў магістратуру і разумеюць, што лепш працаваць з тымі, хто нядаўна абараніў дысертацыю, — гэта значыць, што ёсць адпаведная матэрыяльная база, ёсць навуковы напрамак і людзі, якія могуць дапамагчы, — гаворыць Настасся. — Таму ў будучым годзе я планую ўзяць пад сваё крыло аднаго магістранта. Зараз працую з дыпломнікамі”.

Няма сумненняў, што Настасся Арабей не спыніцца на дасягнутым, будзе працягваць навуковыя пошукі ў сваёй такой сур’ёзнай навуцы, бо шчыра лічыць яе найцікавейшай у сучаснай вытворчасці. “Металургія, ліцейная вытворчасць, апрацоўка металаў ціскам — гэта асновы, на якіх трымаецца рэальны сектар эканомікі, — расказвае Настасся. — Менавіта атрыманне металу і вытворчасць з яго пэўных вырабаў дазваляе працаваць астатнім напрамкам машынабудавання, без гэтага нічога не атрымаецца. І попыт на вынікі нашай працы будзе заўсёды”.

Архивация PDF: 
Персоналии: 

Арабей, Настасся Вітальеўна

Виды СМИ: 
Дата публикации: 
четверг, января 22, 2015
Интеллектуальная ответственность: 

Сідаровіч, Галіна

Источник: 

Настаўніцкая газета