Цікавасць да тэхнічных спецыяльнасцей расце

Новость: 

Дзень адкрытых дзвярэй — гэта каштоўная магчымасць атрымаць уласнае ўяўленне пра ўніверсітэт і зразумець тое, пра што не прачытаеш ні ў адньім буклеце ці на сайце. У гэты дзень можна проста пагутарыць з прафесарам, загадчыкам кафедры ці дэканам факультэга, можна ўбачьіць новыя ракурсы абранай спецыяльнасці і пераканацца ў сваім выборы або... перадумаць (што таксама нядрэнна, бо гэта лепш, чым пазнейшыя расчараванні) і знайсці новую спецыяльнасць па душы. Але самае галоўнае, што дае абітурыентам дзень адкрытых дзвярэй, — магчымасць далучыцца да ўніверсітэцкіх таямніц і адчуць подых універсітэцкага жыцця. Для нас дзень адкрытых дзвярэй у БНТУ стаў нагодай для таго, каб задаць некалькі пытанняў першаму прарэктару ўніверсітэта, член–карэспандэнту НАН Беларусі, доктару тэхнічных навук, прафесару Фёдору Іванавічу ПАНЦЯЛЕЕНКУ.

— Многія абітурыенты на дні адкрытых дзвярэй пыталіся пра новыя спецыяльнасці. Верагодна, гэта зацікавіць і нашых чытачоў. Скажыце, Фёдар Іванавіч, якія цікавыя сучасныя спецыяльнасці з’явіліся ў БНТУ ў апошні час?

— У апошнія тры гады ў нас адкрыты цэлы шэраг новых спецыяльнасцей. Найбольш прадукцыйным у гэтым сэнсе быў 2013 год, калі іх з'явілася ажно восем. У прыватнасці, мы пачалі актыўна развіваць новы дызайнерскі напрамак — спецыяльнасці “Дызайн гусенічных і калёсных машын”, “Дызайн вытворчага абсталявання”, “Кіраванне дызайн–праектамі на прамысловым прадпрыемстве". Справа ў тым, што сёння нават вельмі дыхтоўная прадукцыя не зможа зацікавіць пакупнікоў, калі яна зроблена безгустоўна. Каб прадаваць прадукцыю, трэба ўдзяляць увагу не толькі ўнутранаму начынню, але і знешняй прывабнасці.

Цікавыя.спецыяльнасці, такія як “Тэхнічнае забеспячэнне спартыўных тэхналогій” і “Праектаванне і вытворчасць спартыўнай тэхнікі”, з’явіліся на спартыўна-тэхнічным факультэце. Гэты напрамак — спартыўная інжынерыя — зараз вельмі актыўна развіваецца ў нашай краіне. Узводзяцца сучасныя высокатэхналагічныя спартыўныя збудаванні (“Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна” і іншыя), для абслугоўвання якіх патрабуюцца сур’ёзныя прафесіяналы. Вядома, можна было б запрашаць на работу прафесіяналаў–замежнікаў, але БНТУ пачаў рыхтаваць спецыялістаў у галіне спартыўнай інжынерыі з ліку беларускай моладзі.

Таксама трэба адзначыць новыя спецыяльнасці “Кіраванне інавацыйнымі праектамі на прамысловым прадлрыемстве”, “Тэхнічная работа і прадпрымальніцтва” і “Рэлейная абарона і аўтаматыка”. Калі гаварыць пра сутнасцьапошняй спецыяльнасці, то яна надзвычай важная ў гарантаванні бяспекі на розных прамысловых аб’ектах. Многія аварыі могуць быць папярэджаны дзякуючы менавіта рэлейнай абароне і аўтаматыцы, таму адкрыццё гэтай спецыяльнасці запатрабавала само жыццё.

— А ці плануеце сёлета адкрываць новыя спецыяльнасці?

— Сёлета не плануем. Па-першае, у гэтым годзе павінен з’явіцца новы Агульнадзяржаўны класіфікатар, таму працэс адкрыцця новых спецыяльнасцей ва ўсёй вышэйшай школе натуральным чынам затармазіўся.

Па-другое, мы пачалі лічыць грошы. Калі раней маглі дазволіць сабе набіраць і вучыць невялікія групы студэнтаў, то цяпер гэта недапушчальная раскоша. Таму стаіць задача ўзбуйняць дробныя спецыялізацыі і спецыяльнасці, каб студэнты да 3-4 курса па пэўных дысцыплінах маглі вучыцца па агульных праграмах. Гэта прыкладна як у медыцынскім універсітэце, дзе ўсе студэнты напачатку атрымліваюць агульнаўрачэбную падрыхтоўку, а потым ужо спецыялізуюцца на асобных чалавечых органах і сістэмах. Напрыклад, інжынераў-механікаў у нас рыхтуюць на аўтатрактарным, машынабудаўнічым, механіка-тэхналагічным факультэтах. I мы стараемся так уніфікаваць праграмы, каб усе студэнты адпаведных спецыяльнасцей атрымлівалі кваліфікацыю “інжынер-механік”, а спецыялізацыю (ліцейныя машыны, машыны для харчовай вытворчасці, апрацоўка ціскам і г.д.) праходзілі ўжо на апошніх семестрах.

Гэта дазволіць нам часцей практыкаваць паточныя лекцыі. На Захадзе ўмеюць эканоміць, і там прафесар не чытае лекцыі маленькай групе студэнтаў — толькі вялікай аўдыторыі. Напрыклад, студэнты праходзяць агульны курс па матэрыялазнаўстве, які неабходны любому інжынеру (сталь ці пластмаса не мяняюць сваіх уласцівасцей у залежнасці ад таго, працуе з імі інжынер-механік ці інжынер-будаўнік). Таму і курс па матэрыялазнаўстве студэнты розных спецыяльнасцей могуць праходзіць разам. Зараз мы рухаемся менавіта ў гэтым напрамку.

— У апошнія гады ў беларускай вышэйшай школе назіралася тэндэнцыя да скарачэння тэрмінаў навучання. БНТУ пераважна захаваў ранейшыя тэрміны. Скажыце, Фёдар Іванавіч, якія спецыяльнасці закранула скарачэнне, а якія вы не сталі чапаць і чаму?

— Прыкладна 63% спецыяльнасцей першай ступені вышэйшай адукацыі ў БНТУ маюць 5-гадовы тэрмін навучання — гэта пераважна тыя спецыяльнасці, дзе вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў з кваліфікацыяй “інжынер” (энергетыкі, механікі, канструктары, праекціроўшчыкі, будаўнікі). На архітэктурным факультэце прадугледжана 6-гадовае навучанне. А на “эксплуатацыйных” спецыяльнасцях, такіх, напрыклад, як “Арганізацыя дарожнага руху” ці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, трэба вучыцца 4—4,5 года.

Як бачыце, мы не пайшлі на повадзе ў моды і не сталі масава скарачаць тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў па складаных інжынерных спецыяльнасцях. Напрыклад, сучаснаму будаўніку, для таго каб будаваць вышынныя дамы, трэба ведаць нанатэхналогіі, нанаматэрыялы, супраціўленне матэрыялаў і шмат чаго іншага. Тое ж можна сказаць пра большасць інжынерных спецыяльнасцей. А для таго каб інфармацыя ператварылася ў веды і навыкі, патрэбен час.

— Якія новаўвядзенні чакаюць абітурыентаў БНТУ 2015 года ?

— Прыём абітурыентаў будзе праводзіцца па Правілах прыёму, прынятых у 2014 годзе, І яны вядомыя. Адзінае, зараз абмяркоўваецца пытанне аб павышэнні мінімальнага прахаднога бала для паступаючых ва ўстановы вышэйшай адукацыі, таму да паступлення трэба рыхтавацца больш грунтоўна. Безумоўна, 15 балаў — гэта вельмі мала для таго, каб паспяхова вучыцца ва ўніверсітэце.

Хаця тут ёсць сустрэчная праблема — дэмаграфічная. Колькасць абітурыентаў зніжаецца, і ў самыя бліжэйшыя гады ўсе ўстановы адукацыі чакаюць сур’ёзныя цяжкасці з наборам. Справа ў тым, што ў папярэднія гады кантынгент абітурыентаў у многім фарміраваўся з тых, хто не паступіў раней, але цяпер іх таксама мала.

Склалася сітуацыя, у якой установы вышэйшай адукацыі могуць забраць практычна ўсіх выпускнікоў сярэдняй школы. Але хто будзе вырошчваць I пячы хлеб, вадзіць цягнікі і аўтамабілі? Моладзь патрэбна не толькі ўніверсітэтам, але і каледжам, і прафесійным ліцэям. Павышэнне прахаднога бала пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі дазволіць больш эфектыўна размеркаваць абітурыенцкія плыні.

— У БНТУ напрацаваны багаты вопыт падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін эканомікі. Тут ёсць спецыяльнасці, унікальныя не толькі для нашай краіны, але і для ўсёй постсавецкай прасторы. Раскажыце, калі ласка, пра іх больш падрабязна.

— У нас толькі на першай ступені больш за 80 спецыяльнасцей, каля паўсотні — у магістратуры, таму расказваць можна бясконца.

Найбуйнейшы ва ўніверсітэце аўтатрактарны факультэт. Паколькі Беларусь (разам з японскім “Камацу” і амерыканскім “Катэрпілерам”) з’яўляецца вядомым у свеце вытворцам велікагрузных аўтамабіляў БелАЗ, а яшчэў нас ёсць МАЗ, МТЗ, МЗКТ, то мы павінны рыхтаваць адпаведных спецыялістаў. I тут аўтатрактарны факультэт трымае марку. Акрамя традыцыйных спецыяльнасцей, былі адкрыты спецыяльнасці, звязаныя з мехатронікай, дыстанцыйным кіраваннем тэхнікай, тармазнымі сістэмамі і аўтамабільнай электронікай. Таксама, як мы ўжо казалі, нядаўна з’явіліся і дызайнерскія спецыяльнасці.

Традыцыйна вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаецца архітэктурны факультэт, але гэты рынак крыху перагрэты. Скарочаны пасады архітэктараў у раёнах, многія структуры ўзбуйняюцца, а таму патрэба ў архітэктарах змяншаецца. У выніку сёлета мы нават крыху скарачаем прыём на архітэктурны факультэт, хаця абітурыенцкі попыт велізарны. Яно і не дзіўна: адукацыя там вельмі добрая, 90% беларускіх прафесараў і дацэнтаў па архітэктуры працуюць у БНТУ. Студэнты-архітэктары выязджаюць на ўключанае навучанне і практыку ў Германію, Італію, Іспанію, дзе набываюць унікальны вопыт.

Машынабудаўнічы факультэт — гэта сапраўдная кузня кадраў. Дастаткова сказаць, што яго заканчвалі В.Ф.Кебіч, У.І.Сямашка, А.М.Русецкі, а яшчэ многія кіраўнікі прадпрыемстваў, акадэмікі і паслы. Тлумачыцца ўсё проста: праектаванне і вытворчасць машын — гэта вельмі шырокі напрамак, які патрабуе сур’ёзных інтэлектуальных намаганняў. Тут і супраціўленне матэрыялаў, і тэарэтычная механіка, і дэталі машын... Ведаеце, як студэнты называюць тэорыю машын і механізмаў? “Тут мая магіла!” А яшчэ лічыцца, што калі здаў супрамат, то можна жаніцца. I ў гэтым ёсць доля праўды. Вучыцца на машынабудаўнічым факультэце цяжка, затое і перспектывы вельмі добрыя.

Механіка-тэхналагічны факультэт, на жаль, перажывае не лепшыя часы, бо абітурыенты не ўдзяляюць яму належнай увагі. Гэта металургія, ліццё... Але калі нашы выпускаю трапляюць на Беларускі металургічны завод, то яны ўжо не хочуць вяртацца са Жлобіна. Там цікавая высокааплатная работа І найвышэйшая культура вытворчасці: сёння на многіх гоначных аўтамабілях устаноўлены шыны з кордам вытворчасці БМЗ. Я сам металург і хачу сказаць, што калі б пачынаў жыццё спачатку, то пайшоў бы на металазнаўства і тэрмічную апрацоўку. Веданне металу дазваляе весці паўнавартасную дыскусію і з немцамі, і з японцамі — гэта вельмі сучасная і запатрабаваная навука.

Факультэт горнай справы і інжынернай экалогіі ў нас таксама на перадавой. “Беларуськалій” — найпершая кампанія, якая прыносіць краіне валюту. 5 мільярдаў долараў у 2014 годзе! Зразумела, што маладыя людзі ахвотна выбіраюць гэты факультэт, атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер горнай справы’’ і едуць працаваць у Салігорск. Акрамя цікавай высокааплатнай работы, там всць добрыя магчымасці, каб займацца навукай.

Асобная размова — прыборабудаванне, якое эфектыўна развіваецца ў Беларусі. Мы перааснашчаем самалёты, вырабляем прыборы начнога бачання, прыцэлы, сучасную оптыку. I кадры для прыборабудаўнічай галіны рыхтуюць на прыборабудаўнічым факультэце БНТУ.

Навучанне на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ мае прыкладны ўхіл. У адрозненне ад універсітэтаў-партнёраў, нашы выпускнікі ўмеюць не толькі праграмаваць, але і разлічваць пэўную канструкцыю, напрыклад, раму БелАЗа. А там зварныя злучэнні, складаныя нагрузкі і г.д. — велізарная задача. Нездарма ў Парку высокіх тэхналогій нашы выпускнікі вельмі хутка становяцца кіраўнікамі труп, падраздзяленняў і праектаў — яны “выраслі” ў вялікім універсітэце і разумеюць глыбіню праблематыкі.

Тое ж самае можна сказаць і пра нашых інжынераў-эканамістаў. Мы рыхтуем не проста тэарэтыкаў, а інжынераў-эканамістаў у галіне будаўніцтва, машынабудавання, энергетыкі і г.д. I яны вельмі запатрабаваны на вытворчасці, бо ўмеюць рабіць складаныя разлікі. Калі, напрыклад, для звычайнага эканаміста вяршыняй кар’еры можа быць пасада начальніка планава-эканамічнага аддзела прадпрыемства, то наш інжынер-эканаміст можа стаць кіраўніком будаўнічага трэста (такія прыклады ёсць).

Я магу яшчэ шмат расказаць пра будаўнічы, энергетычны, ваённа-тэхнічны і іншыя нашы факультэты. Кожны з іх, напэўна, быў бы варты цэлай газетнай паласы.

— Многія выпускнікі БНТУ працуюць за мяжой. Наколькі адчувальная для ўніверсітэта праблема ўцечкі мазгоў?

— Мы адчуваем яе ўжо на этапе прыёму. Напрыклад, мы набралі студэнтаў, але за бортам засталося шмат маладых людзей. Ёсць сярод іх і такія, хто набраў добрыя балы па фізіцы і матэматыцы, але не пераадолеў вызначаны парог па рускай мове. Іх тут жа падхопліваюць расійскія ўніверсітэты, даюць ім стыпендыю, інтэрнат І матывуюць на тое, каб яны засталіся там працаваць. Нездарма Беларусь займае 20 месца ў свеце па інтэлектуальным патэнцыяле, наша моладзь уяўляе вялікую цікавасць для суседніх краін.

Што да пераманьвання выпускнікоў, то вось яркі прыклад двухгадовай даўнасці. На размеркаванне на факультэт транспартных камунікацый прыехаў прадстаўнік з Кольскага паўвострава Расіі. Там вядзецца актыўнае будаўніцтва дарог, шахт, тунэляў, і вельмі патрэбны адпаведныя спецыялісты. I гэты прадстаўнік просіць аддаць яму лепшых выпускнікоў. Натуральна, кіраўніцтва факультэта абураецца і настойвае, каб усе бюджэтнікі размяркоўваліся на беларускія прадпрыемствы, у адваротным выпадку яны павінны выплаціць вялікую кампенсацыю. Расійскі прадстаўнік не стаў нават таргавацца і прапанаваў выплаціць такую кампенсацыю за дзевяцярых выпускнікоў. Зарплату ім прапанавалі на парадак большую, чым абяцалі ў Беларусі, і хлопцы пагадзіліся. На жаль, гэта не адзінкавы прыклад.

Хаця і айчынныя прадпрыемствы ўжо не спяць у шапку. У нас ёсць спецыяльнасць “Транспартная лагістыка”. I ўжо з трэцяга курса студэнтаў запрашаюць на практыку транспартна-лагістычныя цэнтры (у ваколіцах Мінска іх амаль 50), каб у будучыні забраць да сябе на работу. Яны падтрымліваюць гэтых студэнтаў, даплачваючы ім пэўную суму да стыпендыі. Ёсць прыклады падтрымкі студэнтаў з боку ІТ-кампаній і іншых.

— Быў перыяд, калі моладзь масава ішла на модныя гуманітарныя спецыяльнасці. Зараз, здаецца, сітуацыя пакрысе пачала выпраўляцца. Скажыце, Фёдар Іванавіч, што б вы парам абітурыентам, якія вагаюцца наконт выбару прафесіі?

— Хачу сказаць, што сёння многія мяняюць свае погляды, і мы назіраем, што цікавасць да тэхнічных спецыяльнасцей расце. Асабліва гэта бачна, калі гуманітарыі прыходзяць да нас, каб атрымаць другую вышэйшую — ужо тэхнічную — адукацыю. У салідным узросце ім прыходзіцца пачынаць усё спачатку, але яны разумеюць, што інжынерныя спецыяльнасці даюць вельмі цікавыя жыццёвыя перспектывы. Было б добра, каб людзі ведалі гэта яшчэ з маладосці!

— Дзякуй, Фёдар Іванавіч, за гутарку.

Архивация PDF: 
Персоналии: 

Панцялеенка, Фёдар Іванавіч

Виды СМИ: 
Дата публикации: 
четверг, января 15, 2015
Интеллектуальная ответственность: 

Панцялеенка, Фёдар Іванавіч

Сідаровіч, Галіна

Источник: 

Настаўніцкая газета