Навагодняя вандроўка па БНТУ

Новость: 

Менавіта так назвалі дзень адкрытых дзвярэй, які адбыўся ў мінулую суботу ў вядучым тэхнічным універсітэце краіны. Дзякуючы новаму фармату правядзення гэтага традыцыйнага мерапрыемства, факультэтам БНТУ ўдалося найлепшым чынам паказаць свае дасягненні, а абітурыентам — зрабіць яшчэ адзін важны крок на шляху да будучай прафесіі.

Як і задумвалі арганізатары, па інфармацыйнай насычанасці і ўражаннях дзень адкрытых дзвярэй у БНТУ нагадваў вандроўку. Кожны факультэт, каб прыцягнуць увагу абітурыентаў і іх бацькоў, абсталяваў інтэрактыўны стэнд, дзе дэманстраваліся яго дасягненні. Улічваючы, што ў БНТУ 18 факультэтаў, атрымалася цэлая выстава, і, пераходзячы ад стэнда да стэнда, можна было ацаніць маштаб навуковай творчасці ў БНТУ.

У мерапрыемстве актыўна ўдзельнічалі выкладчыкі, навукоўцы і, безумоўна, студэнты БНТУ, якія ахвотна гутарылі з абітурыентамі і адказвалі на шматлікія пытанні. Сёння ўніверсітэт толькі на першай ступені навучання прапаноўвае больш 80-ці спецыяльнасцей — ад гуманітарных да складаных тэхнічных, многія з якіх ёсць выключна ў БНТУ. Таму выбіраць ёсць з чаго — былі б здольнасці і жаданне!

Пазней адбылася сапраўдная прэс-канферэнцыя аб уступнай кампаніі 2015 года з удзелам кіраўніцтва ўніверсітэта і прыёмнай камісіі. Трэба заўважыць, што актавая зала не змагла змясціць усіх жадаючых, таму відэа-трансляцыя з прэс-канферэнцыі вялася ў фае. Абітурыенты мелі магчымасць з першых вуснаў пачуць адказы на пытанні адносна паступлення ў БНТУ, вучобы, размеркавання, будучай работы і зарплаты. Відавочна, што да выбару прафесіі цяперашнія маладыя людзі ставяцца даволі прагматычна і імкнуцца пралічыць усе магчымасці для пабудовы ўласнай кар’еры.

Дзень адкрытых дзвярэй у БНТУ быў добра анансаваны, і арганізатары адзначылі вялікую зацікаўленасць з боку не толькі абітурыентаў і іх бацькоў, але і ўстаноў адукацыі, а таксама органаў кіравання адукацыяй. Ва ўніверсітэт прыехалі некалькі аўтобусаў з дзецьмі і педагогамі з Мінска і Мінскай вобласці.

Напрыканцы доўгага суботняга дня абітурыенты маглі наведаць кансультацыі-трэнінгі “Як здаць ЦТ на 100 балаў’’ па тых предметах, якія патрэбны абітурыентам БНТУ: беларускай, рускай і замежных мовах, матэматыцы, фізіцы, а таксама па прадмеце “Творчасць”. Апошні, дарэчы, складаўся з трох этапаў: “Малюнак. Кампазіцыя”, “Чарчэнне”, “Жывапіс”. Абітурыентам патлумачылі, як найлепш рыхтавацца да ўступных выпрабаванняў, на што звярнуць асаблівую ўвагу пры падрыхтоўцы і якіх тыповых памылак трэба асцерагацца. Таксама маладых людзей папярэдзілі пра магчымае павышэнне прахаднога бала, а значыць, пра неабходнасць больш сур’ёзнай падрыхтоўкі.

Зрэшты, рыхтавацца трэба яшчэ і для таго, каб паспяхова вучыцца ў БНТУ. Усе гісторыі поспеху пра выпускнікоў універсітэта — гэта перш за ўсё гісторыі пра мэтанакіраванасць, шчырую зацікаўленасць і вялікую працу.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
четверг, января 15, 2015
Интеллектуальная ответственность: 

Сідаровіч, Галіна

Источник: 

Настаўніцкая газета