Пра нашу культуру па-чэхаўску

Новость: 

Баландзін, К. I. Гісторыя культуры Беларусі: дапаможнік /К. I. Баландзін. — Мінск: БНТУ, 2014. — 239 с.

Мінскі навуковец і педагог Канстанцін Баландзін у сваей новай працы прадэманстраваў выдатнае веданне ўсіх чыннікаў культурнага працэсу, усіх галін культуры. Канстанцін Іванавіч — гісторык, культуролаг, мастацтвазнаўца, палітолаг, сацыёлаг, літаратуразнаўца, псіхолаг, этнограф у адной асобе. У дапаможніку добра прасочваецца сістэмная рэканструкцыя гісторыі культуры Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён, прычым і тытульнага, і нетытульных этнасаў.

На старонках «Гісторыі культуры Беларусі» ўвазе чытачоў прапануецца дзевяць тэм. Першыя пяць ахопліваюць дасавецкі перыяд, наступныя тры — час з 1917 па 1985 гг., апошняя — гарбачоўскую перабудову і постсавецкі час. Пры выкладанні першай тэмы аўтар пераканальна засведчыў, што «культура беларускіх зямель у IX—XIII стст. набірала моц, пашырала свой уплыў на побыт, спрыяла росту культурнага ўзроўню насельніцтва, мела цесныя сувязі з культурай іншых краін і народаў, якія аказвалі пэўнае ўздзеянне на развіццё беларускай культуры».

Мяркуючы па змесце другой тэмы, удалым атрымаўся нетрадыцыйны аналіз фарміравання агульнанацыянальнай культуры Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Выразна прасочваюцца аўтарская версія фарміравання беларускай народнасці, арыгінальны погляд на старабеларускую літаратуру, усебаковае асэнсаванне новых тэндэнцый у развіцці дойлідства і мастацтва.

Трэцяя тэма прадстаўляе гісторыі культуры беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай. Кожны раз, калі я звяртаюся да гэтага перыяду, задаю сабе пытанне: «Чаго ў гэты час было больш: здабыткаў ці страт?» Канстанцін Баландзін канчаткова пераканаў: менавіта здабыткаў. Аўтар кнігі ўзгадвае, што якраз у гэты час пачалася гісторыя віленскага барока, упершыню стала прасочвацца «ВКЛаўская» спецыфіка ў змястоўнай частцы грамадскапалітычнай думкі. Асаблівая ўвага чытача звяртаецца на тое, што «на грунце агульнаеўрапейскіх і нацыянальных дасягненняў развіваюцца такія самабытныя віды мастацтва, як беларуская разьба па дрэве, своеасаблівы станковы жывапіс, вытворчасць слуцкіх паясоў, карэліцкіх габеленаў, урэцканалібоцкага шкла». Па ўсім відаць, на больш высокі ўзровень тады ўзнялося тэатральнае жыццё, а ў розных сферах беларускага мастацтва, навукі, думкі, літаратуры і кнігадрукавання паўсталі буйныя дзеячы еўрапейскага ўзроўню, з’явіліся першыя газеты. Чацвёртая і пятая тэмы ахопліваюць культурныя працэсы на айчыннай тэрыторыі з моманту яе ўваходжання ў склад Расійскай імперыі да 1917 г. У храналагічным парадку яны размяжоўваюцца сярэдзінай XIX ст.

Адразу пяць буйных праблемных пытанняў падымаюцца ў матэрыяле, які прэзентуе шостую тэму — «Культурныя пераўтварэнні на Беларусі ў паслярэвалюцыйны перыяд (1917 — 1941)». Аўтар змог па-чэхаўску распарадзіцца інфармацыйным блокам. Мінскі навукоўца даказаў неабгрунтаванасць суцэльнага нігілізму да культурных працэсаў савецкага часу на Беларусі.

Не менш удала выкладзена тэма «Культура Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 — 1944)». Канечне, галоўнае тут — асвятленне ў жорсткай прывязцы да ваеннага часу пытанняў асветы, навукі, літаратуры, мастацтва, культурна-масавай работы, страты культурных каштоўнасцей. Факты, якія прыводзіць аўтар, даюць усе падставы сцвярджаць, што «нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы ваеннага часу, беларуская культура жыла, развівалася, узбагачалася новымі тэмамі і вобразамі і дасягнула ў гэтым вялікіх поспехаў, хаця тэмпы яе развіцця і запаволіліся».

Адна з самых складаных для вывучэння тэм — «Развіццё беларускай культуры ў 1945 — 1985 гг.» На чым грунтуецца такое сцвярджэнне? Перш за ўсё на дынаміцы змен грамадскапалітычнага характару ў гэты час. Тут і агонія сталінскага рэжыму, і хрушчоўская адліга, і застой... Безумоўна, размова ідзе пра неаднастайныя чыннікі культурных працэсаў. Тут важна вытрымаць прынцып гістарызму, адэкватна выкарыстаць параўнальна-гістарычны і гісторыка-сістэмны метады.

Апошні метад, дарэчы, набыў для Канстанціна Баландзіна нашмат большае значэнне ў выкладанні дзявятай тэмы, якая ахоплівае 1985 — 2014 гады. У гэты адрэзак часу сярод чыннікаў культурных працэсаў цэнтральнае месца заняла сістэмная трансфармацыя.

Думаецца, кнігу «Гісторыя культуры Беларусі» можна назваць узорным навучальным дапаможнікам, карысным і студэнтам, і выкладчыкам.

Архивация PDF: 
Персоналии: 

Баландзін, Канстанцін Іванавіч

Виды СМИ: 
Дата публикации: 
пятница, января 9, 2015
Интеллектуальная ответственность: 

Стралец, Міхаіл

Источник: 

Літаратура і мастацтва