“ТэхнаІнтэлект”: усё пачынаецца з жадання апярэдзіць час

Фото: 
Новость: 

“На некалькі сакавіцкіх дзён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт стаў эпіцэнтрам інтэлектуальных спаборніцтваў. У гэтым годзе папулярны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” сабраў разам каля 180 маладых канструктараў, даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў і будучых архітэктараў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі.

Па традыцыі “ТэхнаІнтэлект”, заснаваны Міністэрствам адукацыі Беларусі, аб’яднаў пераможцаў і прызёраў раённых і абласных конкурсаў тэхнічнай творчасці, тэматычных алімпіяд. Думаецца, для новага пакалення канкурсантаў асаблівым стымулам з’яўляецца той факт, што прызёры і пераможцы IV конкурсу “ТэхнаІнтэлект” уключаны ў беларускі банк даных адоранай і таленавітай моладзі, а пераможцы і прызёры V конкурсу рэкамендаваны да ўключэння ў яго.

Узровень сёлетняга, шостага па ліку, конкурсу ніколькі не саступаў конкурсам папярэднім. Застаецца толькі здзіўляцца, што новае пакаленне вынаходнікаў стварае праекты, многія з якіх яшчэ ўчора можна было назваць не інакш як фантастыкай”.

“У секцыі “Энергетыка і электратэхніка” зноў лідзіравалі два прадстаўнікі гомельскай інтэлектуальнай каманды. Пры гэтым дыплом I ступені атрымала работа з творчым характарам “Акустычны комплекс”. Яе аўтар Уладзіслаў Зялінскі — выхаванец усё таго ж Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Як аказалася, акустычны комплекс складаецца з бюджэтнай і функцыянальнай электрагітары, здольнай вынесці нават паходныя цяжкасці, самастойна вырабленага ўзмацняльніка магутнасці, гітарных “прымочак” для рэалізацыі музычных эфектаў кшталту “вау-вау”, “дзісторш”, “дзілей” і г.д., а таксама з колерамузыкі з акустычным выключальнікам і радыёмікрафона для гітары.

Дыплом II ступені дастаўся Аляксандру Лясніцкаму з конкурснай работай “Металадэтэктары” (Гомельская вобласць), дыплом III ступені — Арцёму Сідарэнку з праектам “Цеплавыя трубкі” (Ліцэй БНТУ)”.

“Новым тыпам крыла ўразіў членаў журы пераможца секцыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка” Алег Каробка з Мінска. Крыху саступіў яму прадстаўнік гомельскай каманды Яўген Ельнікаў з работай “Функцыі шчыльнасці планет зямной групы ў мадэлі гравітуючага шара”, а вось дыплом III ступені ў гэтай секцыі атрымала дзяўчына. Дзіяна Скінкевіч з Ліцэя БНТУ выступіла з конкурснай работай “Вымярэнне бляску Дэльта Скарпіёна ў апаастры і перыастры (пабудова мадэлі пераменнасці галоўнага кампанента)”.

Замыкаючай секцыяй “ТэхнаІнтэлекту” стала “Кампазіцыя. Творчая работа на тэму “Дом для архітэктара”, дзе сабраліся патэнцыяльныя студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ. Лепшым журы прызнала “Дом для архітэктара” Глеба Рудзені з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. На другім месцы дом Вікторыі Кавалёвай (Магілёўская вобласць), на трэцім — Элеаноры Чарэпкінай (Мінск).

Застаецца толькі запомніць імёны пераможцаў, прызёраў і многіх удзельнікаў конкурсу, бо мы пра іх яшчэ, без сумненняў, пачуем!”

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
суббота, марта 14, 2015
Интеллектуальная ответственность: 

Алёхіна, Наталля

Источник: 

Настаўніцкая газета