Запісацца ў «Каралі дарог», або Тэорыя, падмацаваная практыкай

Фото: 
Новость: 

З усіх кірункаў працы студэнцкіх атрадаў самым традыцыйным і папулярным з'яўляецца будаўнічы. Байкала-Амурская магістраль, Саяна-Шушанская ГЭС — гэтыя і многія іншыя аб'екты ў савецкія часы сталі знакавымі для студатрадаўскага руху. Як раней, так і цяпер, лідарам у стварэнні будатрадаў у нашай краіне з'яўляецца Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Карэспандэнты «Чырвонкі. Чырвонай змены» пабывалі на галоўных аб'ектах, якія ўзводзяцца намаганнямі студэнтаў гэтай ВНУ.

— Сёлета ў нашым універсітэце было сфарміравана 134 атрады, у склад якіх увайшло больш як дзве тысячы чалавек, — расказвае начальнік штаба працоўных спраў БРСМ БНТУ Юрый РАМАНЧЫК. — Думаю, пры агульнай колькасці студэнтаў у 15 тысяч — гэта неблагі паказчык. Мы традыцыйна сфарміравалі вялікую колькасць будаўнічых атрадаў, але былі і новаўвядзенні. Сэрвісныя атрады працавалі падчас прыёмнай кампаніі ў нашым універсітэце і ў адной з буйных гандлёвых сетак, а педагагічныя (у БНТУ ёсць профільны інжынерна-педагагічны факультэт) — у дзіцячых лагерах важатымі і сервіснымі рабочымі.

Галоўнае, да чаго мы імкнёмся, — фарміраваць профільныя атрады, каб студэнты замацоўвалі на практыцы тое, што яны засвойваюць у тэорыі падчас навучання. Студэнты будаўнічага факультэта працуюць на будоўлях, факультэта транспартных камунікацый — на будаўніцтве дарог і гэтак далей. Звычайна работу ў атрадах залічваюць, як летнюю практыку. Я лічу, для студэнтаў гэта шыкоўная магчымасць — і вопыт атрымаць, і адпачыць, і грошай падзарабіць.

Першы аб'ект, на які мы накіроўваемся, — беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Смалявічамі, дзе працуе аднайменны атрад. Проста пасярод лесу пракладваюць асфальтаваную дарогу, усталёўваюць ліхтары — усё гэта нагадвае будаўніцтва новых мікрараёнаў у сталіцы. Аднак найбольш важная частка парка — індустрыяльны комплекс. Ужо хутка тут павінна размясціцца вытворчасць буйных кітайскіх кампаній, а пакуль што гудуць экскаватары, ездзяць машыны з бетонам і, вядома, працуюць будатрадаўцы.

— Да работы на аб'екце мы прыступілі 5 ліпеня, — кажа камандзір атрада «Вялікі камень» Яўген ГРУНТОЎ. — Асноўныя віды работ — вязка арматуры і каркасаў, устаноўка і дэмантаж апалубкі, заліўка бетону. Праца не патрабуе высокай кваліфікацыі, але дае вялікі досвед. Усяго ў атрадзе 20 чалавек, у асноўным гэта студэнты будаўнічага факультэта. Жывём мы ў Мінску, але штодзень нас каля станцыі метро «Барысаўскі тракт» забірае аўтобус, на якім прыязджаем сюды. Працоўны дзень — звычайны: восем гадзін плюс абед, у пяць вечара нас зноў адвозяць у Мінск.

— Пра магчымасць летняй работы ў будатрадзе я даведаўся ў штабе працоўных спраў БРСМ нашага ўніверсітэта, там мяне накіравалі сюды, — расказвае баец атрада, студэнт ІІІ курса будаўнічага факультэта БНТУ Андрэй НАЗАРЭВІЧ. — Не буду ўтойваць, у першую чаргу мяне цікавіла магчымасць прайсці практыку. Уражанні самыя добрыя, бо на такіх вялікіх будоўлях ты набіраешся карыснага досведу, які не атрымаеш больш нідзе. Працаваць тут будзем да 5 жніўня. Пасля тыя, хто захоча, могуць застацца надалей.

Яшчэ адзін аб'ект таксама знаходзіцца непадалёку ад Мінска. У Бараўлянах два дзясяткі студэнтаў з будатрада «Маладосць» дапамагаюць узводзіць калектарную станцыю, куды для ачысткі будзе сцякаць дажджавая вада з усяго пасёлка.

— Увогуле, я ўжо сёмы раз за час навучання прыязджаю ў будатрад, таму можаце не пытацца, ці падабаецца мне гэта, — усміхаецца студэнт V курса будаўнічага факультэта БНТУ Арцём ФЕСЕНКА. — Як так атрымалася? Некалькі разоў ездзіў на будоўлі падчас семестра. Да гэтага працаваў на Беларускай АЭС, будаваў інтэрнаты ў Студэнцкай вёсцы на вуліцы Чурлёніса, дапамагаў узводзіць новы будынак Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Палац Незалежнасці — ужо нават цяжка ўсё прыгадаць. У асноўным займаюся вязкай арматуры і заліўкай бетону, гэта, лічыце, мой «профіль». Цяпер планую адпрацаваць адразу дзве змены, буду тут да канца жніўня.

— Работай студэнтаў БНТУ на нашым аб'екце я абсалютна задаволены, — кажа начальнік будаўнічага ўчастка акцыянернага таварыства «Заслаўебудіндустрыя» Аляксандр НЯМІРСКІ. — Хлопцы ў сваёй большасці талковыя, тэарэтычных ведаў у іх хапае, маюць уяўленне аб будаўнічых працэсах. Застаецца толькі падмацаваць гэта практыкай, чым мы тут і займаемся. Ніякіх праблем з імі ў нас няма. Яны адразу ж уліваюцца ў калектыў, не цураюцца цяжкай працы і ўсё робяць нароўні з іншымі. Студэнты працуюць пад маім кіраўніцтвам штогод, і ніколі ў нас не было непаразуменняў. Некаторыя прыязджаюць другі год запар. Скажу больш — калі б была такая магчымасць, я б узяў іх да нас на работу — маладыя інжынеры заўсёды патрэбны.

Галоўны сталічны аб'ект, дзе працуюць студэнты БНТУ, — трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна.

Іх мы знаходзім непадалёк ад плошчы Францішка Багушэвіча, дзе яны дапамагаюць перакладваць камунікацыі. Дарэчы, тут шчыруюць ужо «транспартнікі», бо гэта праца бліжэй да іх навучальнага профілю.

— Высокакваліфікаваную работу нам, на жаль, выконваць пакуль нельга, — расказвае камандзір атрада, студэнт ІV курса факультэта транспартных камунікацый Аляксандр ЖАРДЗЕЦКІ. — Таму працуем падсобнымі рабочымі: займаемся пагрузкай і разгрузкай матэрыялаў, выстаўленнем агароджаў, знакаў. Усяго тут знаходзіцца 10 студэнтаў. Графік у нас звычайны — з 8 раніцы да 5 вечара, але часам выпадаюць вячэрнія і нават начныя змены, бо метро будуецца кругласутачна. Наконт грошай нічога сказаць пакуль не магу.

Але нам ужо давалі заробак за адзін дзень, які мы адпрацавалі ў чэрвені, 25 рублёў, — значыць, за месяц павінны атрымаць каля 500.

Хлопцы кажуць, што большая частка студэнтаў факультэта транспартных камунікацый задзейнічана на будаўніцтве трэцяй чаргі МКАД-2, там працуюць амаль 40 байцоў з атрада пад гучнай назвай «Каралі дарог». Яны выконваюць асфальтабетонныя, геадэзічныя і земляныя віды работ. Дарэчы, атрады з БНТУ працуюць не толькі на знакавых аб'ектах сталіцы і Мінскай вобласці, але і на Гродзеншчыне. У тым ліку на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
четверг, августа 4, 2016
Интеллектуальная ответственность: 

Лыскавец, Яраслаў

Источник: 

Звязда