З правам доступу: Выгода новага часу — гібрыдная бібліятэка

Новость: 

15 верасня будзе адзначацца Дзень бібліятэк. Чым не нагода зазірнуць гэтым днём у найбліжэйшыя бібліятэкі, прыемным словам прывітаць іх супрацоўнікаў — і, вядома, узяць добрую кнігу. А напярэдадні свята ў Нацыянальным прэсцэнтры адбылася прэс-канферэнцыя. Размова атрымалася даволі сур'ёзная: гаварылі пра скарачэнне колькасці сельскіх бібліятэк, пра новыя формы работы, якіх вымагае час інфармацыйных тэхналогій, і пра павелічэнне цікавасці да беларускамоўнай літаратуры.

— У краіне налічваецца 2024 бібліятэкі, якія размяшчаюцца ў сельскай мясцовасці. Гэта каля 78 % ад агульнай колькасці, — адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі Сяргей Бацян. — Пры гэтым у Беларусі налічваецца больш за 20 тысяч сельскіх населеных пунктаў, дзе пражывае больш як два мільёны насельніцтва — каля 22 % ад агульнай колькасці. Яшчэ з мінулага дзесяцігоддзя прасочваецца тэндэнцыя, якая сведчыць пра скарачэнне колькасці бібліятэк, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці. За 2017 год колькасць публічных бібліятэк скарацілася на 3,4 %. Дарэчы, гэта менш, чым у мінулыя два гады, таму можна казаць пра пэўную стабілізацыю.

Спецыялісты кажуць, што скарачэнне колькасці бібліятэк у вёсках — вымушаная мера. Аднак жыхары такіх населеных пунктаў не застаюцца без кніг — раз на некалькі тыдняў да іх прыязджае бібліёбус, які прывозіць за раз каля сотні кніг.

Дырэктар Навуковай бібліятэкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Іна ЮРЫК звярнула ўвагу на новыя формы работы:

— За мяжой сёння добра апраўдвае сябе такая форма работы, як гібрыдная бібліятэка. Яна дае доступ не толькі да кніжнага фонду, але і да электронных рэсурсаў, іншых паслуг. Да таго ж бібліятэка разглядаецца як прастора, так званае трэцяе месца. Трэба сказаць, што лічбавая няроўнасць з кожным годам павялічваецца. Сучасныя тэхналогіі — паўсюль. Валоданне інфармацыйнай адукацыяй, лічбавымі навыкамі — адна з самых важных кампетэнцый. Аднак далёка не ўсе сёння маюць доступ да інтэрнэту, валодаюць камп'ютарамі, гаджэтамі. Таму роля публічных бібліятэк у наш час — адаптацыя і магчымасць рэалізацыі права на доступ да інфармацыі. І нашы ўстановы робяць гэта бясплатна. Бібліятэчная сетка актыўна працуе з мясцовай супольнасцю, мы падтрымліваем розныя віды нефармальнай адукацыі. Да нас могуць прыходзіць працаваць фрылансеры (катэгорыя, якая даволі хутка расце). Бібліятэка адчынена, яна дае магчымасць спакойна папрацаваць, у тым ліку і са сваімі электроннымі прыладамі, у той жа час — скарыстацца кніжным фондам і электроннымі рэсурсамі. Чалавек можа арганізаваць сабе рабочае месца проста ў бібліятэцы, і гэта не кажучы пра задавальненне яго адукацыйных патрэб, культурных у тым ліку.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
пятница, сентября 14, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Шчарбачэвіч, Ніна

Юрык, Іна Віктараўна

Источник: 

Літаратура і мастацтва