Ёсць з кім параўноўваць

Фото: 
Новость: 

У рамках візіту губернатара Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі В.Ю.Голубева ў нашу краіну члены дэлегацыі, якія прадстаўляюць сістэму адукацыі, наведалі шэраг навучальных устаноў Мінска. Сярод іх — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У БНТУ дэлегацыю з Растоўскай вобласці сустракаў рэктар універсітэта Барыс Міхайлавіч Хрусталёў. Сярод удзельнікаў сустрэчы былі міністр агульнай і прафесійнай адукацыі Растоўскай вобласці Ларыса Валянцінаўна Баліна, рэктар Данскога дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Бесарыён Чахоевіч Месхі, старшыня камітэта па маладзёжнай палітыцы Растоўскай вобласці Уладзімір Мікалаевіч Бабін, прадстаўнікі навуковых і маладзёжных структур.

— З нашымі расійскімі калегамі мы маем доўгатэрміновыя сувязі, якія абедзвюм краінам і непасрэдна нашым навучальным установам прыносяць вялікі плён, — адзначыў падчас сустрэчы Б.М.Хрусталёў. — Цяжка ацэньваць дзейнасць навучальнай установы, не параўноўваючы яе з іншымі. Таму мы імкнёмся ўмацоўваць ужо існуючае супрацоўніцтва з расійскімі ўніверсітэтамі, наладжваць новыя сувязі, каб бачыць, як мы сёння выглядаем у міжнароднай адукацыйнай прасторы, на якія кірункі трэба звярнуць яшчэ большую ўвагу, які вектар дзеяння сёння найбольш прывабны.

Б.М.Хрусталёў заўважыў, што ў Данскога дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і БНТУ вельмі шмат агульнага. Гэта аднапрофільныя ўстановы, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў для машынабудавання і якія аднолькава клапоцяцца пра тое, каб гэтыя кадры абсалютна адпавядалі запатрабаванням нацыянальных эканомік дзвюх краін.

Змест навучання, навукова-метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, выхаванне моладзі — гэтыя напрамкі застаюцца ў прыярытэце як БНТУ, так і Данскога дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яго рэктар — Бесарыён Чахоевіч Месхі — паведаміў, што вучэбны працэс ва ўніверсітэце максімальна набліжаны да вытворчасці, па большасці спецыяльнасцей падрыхтоўка носіць апераджальны характар. Ва ўстанове створаны вучэбныя цэнтры, якія абсталяваны самым сучасным абсталяваннем, што дазваляе, напрыклад, праводзіць высокатэхналагічную хуткасную апрацоўку металу і шэраг іншых вытворчых працэсаў, якія характэрны для інавацыйнай эканомікі з высокім тэхналагічным укладам. З большасцю вядучых машынабудаўнічых прадпрыемстваў Растоўскай вобласці ўніверсітэт наладзіў цесныя ўзаемаадносіны, што дазваляе сумесна з заказчыкамі кадраў фарміраваць змест навучання і забяспечваць студэнтаў рабочымі месцамі ў час вучэбнай практыкі.

У сваю чаргу Б.М.Хрусталёў зазначыў, што стратэгічнай мэтай БНТУ з’яўляецца развіццё інфраструктуры, якая дазваляе стварыць на базе ўніверсітэта адукацыйны і навукова-інавацыйны кластар міжнароднага ўзроўню, што спалучае шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў.

Абодва бакі знайшлі шмат пунктаў судакранання ў развіцці маладзёжнай палітыкі, студэнцкага будаўнічага руху, у пошуку новых напрамкаў у выхаваўчай рабоце сярод моладзі. Было прынята рашэнне аб цесным супрацоўніцтве паміж універсітэтамі ў абмене студэнтамі, педагогамі, у правядзенні сумесных мерапрыемстваў, у распрацоўцы навуковых праектаў. Усе гэтыя пазіцыі былі ўмацаваны падпісаннем пагаднення аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі.

Рабочая сустрэча ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі больш нагадвала сустрэчу старых сяброў, якія даўно не бачыліся і спяшаюцца падзяліцца адно з адным, як склаўся лёс, сваімі дасягненнямі і планамі на будучыню.

Рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура паведаміў гасцям, што яго навучальная ўстанова (тады яшчэ Мінскі радыётэхнічны інстытут) ўтварылася ў 1964 годзе. У той час па рашэнні кіраўніцтва СССР у розных пунктах Савецкага Саюза адначасова быў створаны цэлы шэраг падобных інстытутаў: Разанскі радыётэхнічны інстытут, Таганрогскі радыётэхнічны інстытут і г.д. У 1987 годзе Мінскі радыётэхнічны інстытут атрымаў статус вядучай вышэйшай навучальнай установы СССР (усяго такіх на тэрыторыі Савецкага Саюза было 70 з амаль што 900 ВНУ). У 1993 годзе інстытут ператварыўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

— Ужо ў той час мы сарыентаваліся ў тым, што будзе вельмі запатрабавана, і нават у сваёй назве паставілі інфарматыку на першае месца. Канечне, сёння наш універсітэт — гэта ў першую чаргу інфармацыйныя тэхналогіі, але і ад класікі (радыёэлектронікі, тэлекамунікацыйных сістэм, мікра-, нанаэлектронікі) мы не адмовіліся. Сёння на дзесяці факультэтах у нас набываюць вышэйшую адукацыю 16 тысяч чалавек. Адметна, што каля тысячы з іх — магістранты, — паведаміў Міхаіл Паўлавіч Батура. — Апошнія прыкладна 15 гадоў мы ўзялі напрамак на практыка-арыентаванае навучанне, гэта значыць стараемся ўлічваць заказ і патрабаванні спажыўцоў нашых спецыялістаў. Мы сур’ёзна супрацоўнічаем са спажыўцамі нашых спецыялістаў і пайшлі па шляху стварэння сумесных вучэбна-навуковых вытворчых лабараторый ва ўніверсітэце. Сёння ў нас функцыянуюць 43 такія сумесныя лабараторыі з самым сучасным абсталяваннем. Днямі адбудзецца адкрыццё 44-й, а ў чэрвені — 45-й. Уяўляеце, у адным універсітэце — столькі лабараторый! Паралельна мы вялікую ўвагу ўдзяляем здароваму ладу жыцця нашых студэнтаў: у нас 10 тысяч квадратных метраў закрытых і адкрытых спартыўных пляцовак. Гэта таксама першы паказчык сярод усіх УВА краіны. І асаблівы гонар нашага тэхнічнага ўніверсітэта — 42 студэнцкія мастацкія калектывы, 2 з якіх — народныя.

Міністр агульнай і прафесійнай адукацыі Растоўскай вобласці Ларыса Валянцінаўна Баліна ў сваю чаргу адзначыла, што ў Расійскай Федэрацыі больш складаная сістэма вышэйшай школы: ёсць федэральныя ўніверсітэты, навукова-даследчыя ўніверсітэты і апорныя ВНУ (універсітэты, якія арыентаваны на рэгіянальную эканоміку, на яе развіццё). Апошніх у Расіі толькі 11, адзін з іх — Данскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Сёння гэта найбуйнейшы ўніверсітэт поўдня Расіі, які паспяхова спалучае фундаментальныя традыцыі расійскай акадэмічнай адукацыі з перадавымі тэхналогіямі і методыкамі навучання.

Як паведаміў рэктар Данскога дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Бесарыён Чахоевіч Месхі, у ДДТУ вучыцца больш за 46 тысяч студэнтаў, дзейнічае 200 напрамкаў падрыхтоўкі, 70% з якіх — гэта тэхнічны і інжынерны профілі. Адным з інавацыйных праектаў у адукацыйнай дзейнасці ўніверсітэта з’яўляецца інтэграцыя адукацыйнага працэсу і вытворчасці шляхам стварэння карпаратыўных кафедраў з вядучымі прадпрыемствамі вобласці. Сёння іх 9. У склад універсітэта, якому, дарэчы, 87 гадоў, уваходзяць 6 інстытутаў, 7 каледжаў, тэхнічны ліцэй, гімназіі, два дзіцячыя сады, кадэцкі корпус.

“Мы вельмі рады таму, што наведалі БДУІР. Мы настолькі цікавы адно аднаму, што, упэўнена, гэта не апошняя наша сустрэча, — адзначыла Ларыса Валянцінаўна Баліна. — Мы запрашаем кіраўніцтва БДУІР у Растоўскую вобласць, каб выбудаваць не толькі партнёрскія адносіны, карысныя для абодвух бакоў, але і замацаваць знаёмства моцным сяброўствам”.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
суббота, мая 13, 2017
Интеллектуальная ответственность: 

Клюйко, Ала

Пыркова, Марына

Источник: 

Настаўніцкая газета