“Універсітэт 3.0” павысіць імідж вышэйшай школы

Новость: 

У сераду на базе Белорускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшло пасяджэнне грамадска-кансультацыйнага совета па пытаннях адукацыі. У пасяджэнні прымаў удзел першы намеснік міністра адукацьіі нашай краіны Вадзім Богуш. Асноўнай тэмай для абмеркавання стала мадэль "Універсітэт 3.0".

Пасяджэнне ўдзельнікаў грамадска–кансультацыйнага савета пачалося з невялікай экскурсіі па Навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік”. Яго генеральны дырэктар прарэктар па вытворчай дзейнасці Юрый Аляксееў пазнаёміў гасцей з практычнымі аспектамі стварэння мадэлі “Універсітэт 3.0” і расказаў пра работу тэхнапарка.

“Канцэпцыя “Універсітэт 3.0” прадугледжвае стварэнне на базе ўніверсітэтаў інтэграванай прадпрымальніцкай экасістэмы, у якой яны становяцца ключавымі пастаўшчыкамі інавацый. Гэта азначае пераход да праактыўнай мадэлі генерацыі тэхналогій, талентаў, рынкаў і рынкавых сэрвісаў, у рамках якой універсітэты ператвараюцца ў горадаўтваральныя цэнтры эканамічных кластараў. Па сутнасці, яны становяцца эканамічнымі агентамі буйных кампаній, якія ўмеюць кіраваць вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці і добра разумеюць прынцыпы функцыянавання новых рынкаў”, — пачаў гаворку Юрый Генадзьевіч.

У рамках рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”, акрамя ўцягвання студэнтаў ва ўласна вытворчы працэс, БНТУ і тэхнапарк імкнуцца рабіць больш для развіцця прадпрымальніцкай культуры і інжынернай творчасці студэнцкай моладзі.

Універсітэцкі тэхнапарк не з’яўляецца класічным з пункту гледжання арганізацыйнай структуры і функцыянальнага прызначэння. У адрозненне ад тэхнапарка класічнага тыпу як чыста камерцыйнай структуры тэхнапарк БНТУ выконвае дзяржаўна-значную функцыю, якая заключаецца ў фарміраванні інавацыйнай успрымальнасці ў працэсе падрыхтоўкі сучасных інжынерных кадраў як будучай бізнес-эліты.

“У якасці прыярытэтнага напрамку стратэгічнага развіцця тэхнапарка БНТУ прынята бізнес-інкубаванне малых інавацыйных прадпрыемстваў. Аднак гэта не значыць, што нашы функцыі абмяжоўваюцца толькі прадастаўленнем плошчаў у арэнду. Хацелася б адзначыць, што тэхнапарк БНТУ сёння суправаджае поўны навукова-інавацыйны цыкл ва ўніверсітэце: ад фундаментальных і прыкладных даследаванняў, якія праводзяцца лабараторыямі навукова-даследчай часткі ўніверсітэта, стварэння распрацовак да заснавання інавацыйных прадпрыемстваў і арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцей.

Тэхнапарк уключае як навукова-вытворчыя падраздзяленні, так і інфармацыйна–маркетынгавыя структуры, якія забяспечваюць інфармацыйнае суправаджэнне і прасоўванне на рынку інавацыйнай прадукцыі, распрацовак і праектаў”, — адзначыў Юрый Аляксееў.

На гэты момант рэзідэнтамі Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” з’яўляюцца 20 прадпрыемстваў. У аснове гэтых прадпрыемстваў — вынікі сумеснай працы навукоўцаў, выкладчыкаў, студэнтаў БНТУ і вузкіх спецыялістаў з розных сфер народнай гаспадаркі: урачоў, інжынераў, тэхнолагаў, канструктараўі інш.

Для прасоўвання прадукцыі і распрацовак на знешнія рынкі вынікі дзейнасці Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” і яго рэзідэнтаў на пастаяннай аснове прадстаўляюцца на спецыялізаваных выставах, у тым ліку міжнародных. У прыватнасці, толькі за 2016 год інавацыйная прадукцыя і навукова-тэхнічныя распрацоўкі былі прадстаўлены на 18 міжнародных выставах, з іх 11 праходзілі за мяжой і 7 — у Рэспубліцы Беларусь. Было ўстаноўлена каля 1000 кантактаў з прадстаўнікамі больш як з 30 краін свету.

Пра мадэль “Універсітэт 3.0” як важны аспект развіцця вышэйшай адукацыі ў рэспубліцы гаварыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. Найперш Вадзім Анатольевіч адзначыў, што ў эксперыменце па ўкараненні мадэлі ўдзельнічаюць 7 універсітэтаў краіны. Ён агучыў тры базавыя місіі ўніверсітэта, які рэалізуе мадэль “Універсітэт 3.0”: адукацыйная, навуковая і прадпрымальніцкая дзейнасць, накіраваная на ўкараненне навуковых распрацовак і камерцыялізацыю ідэй.

Калі гаварыць пра характарыстыкі “Універсітэта 3.0”, то яны ўключаюць: інтэграцыю адукацыі, навукі, бізнесу (фарміраванне перадумоў для інавацыйнага развіцця краіны); розныя крыніцы фінансавання; новую якасць спецыялістаў, якія валодаюць крэатыўным прадпрымальніцкім мысленнем; вытворчасць новых ведаў і іх капіталізацыю; стварэнне новых прадпрыемстваў выкладчыкамі і студэнтамі; цэнтр развіцця інавацыйнага тэрытарыяльнага кластара.

Рэалізацыя мадэлі “Універсітэт 3.0” патрабуе змен у інфраструктуры навучальнай установы. Каб ідэю ператварыць у рэальны прадукт, трэба пераадолець шэраг праблем. Напрыклад, давядзецца вырашаць пытанні па інтэлектуальнай уласнасці, наладжванні вытворчасці, стварэнні бізнес-мадэлі, бізнес-праекта. Важным аспектам з’яўляецца ўзаемадзеянне з інвестарамі і дзеючымі прадпрыемствамі. Усё тэта добра відаць на прыкладзе дзейнасці Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”.

На працягу дыскусіі было адзначана, што мадэль “Універсітэт 3.0” падыходзіць не ўсім вышэйшым навучальным установам, бо далёка не ўсе могуць наладзіць вытворчасць. Разам з тым, як было паказана на прыкладзе “Палітэхніка” дадзеная мадэль дазваляе фарміраваць новыя погляды на вышэйшую адукацыю, дзе ў прыярытэце — практычны вынік навучання.

Тэхнапарк прама i апасродкавана працуе на фарміраванне пазітыўнага іміджу БНТУ як у Беларусі, так i за мяжой, як у прафесійным асяроддзі, так і ў асяроддзі студэнцтва і моладзі — патэнцыяльных абітурыентаў.

Па словах першага намесніка міністра адукацыі, адна з галоўных задач мадэлі “Універсітэт 3.0” — падрыхтоўка спецыялістаў новай якасці, якія будуць валодаць крэатыўным прадпрымальніцкім мысленнем, будуць здольны не толькі асвойваць новую тэхніку ва ўмовах інавацыйнага і лічбавага асяроддзя, але і працаваць у камандзе, ствараць і камерцыялізаваць новыя прадукты.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
суббота, марта 31, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Дубоўская, Вольга

Источник: 

Настаўніцкая газета