У лідарах — мытная справа і кітайская мова

Новость: 

У ВНУ падводзяць вынікі залічэння на платную форму навучання.

Сярэдні конкурс у Белдзяржуніверсітэце на дзённую платную форму навучання склаў сёлета 1,5 чалавека на месца. Амаль 37 % абітурыентаў, залічаных на першы курс па агульным конкурсе па выніках ЦТ, маюць больш як 300 балаў (у 2017 годзе такіх было 28 %), а больш за 200 балаў маюць 94 % залічаных на першы курс.

У БДУ назвалі спецыяльнасці, дзе на платнай форме навучання склаліся самыя высокія прахадныя балы. Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў і дакладных навук гэта «прыкладная інфарматыка» — 305, «інфарматыка» — 301, «хімія лекавых злучэнняў» — 297, «камп'ютарная бяспека» — 291 і «фундаментальная хімія» — 289. Сярод сацыяльна-эканамічных і гуманітарных у лідарах «міжнароднае права» — 338, «міжнародныя адносіны» — 331, «лінгвакраіназнаўства» — 324, «інфармацыя і камунікацыі» — 321 і «сусветная эканоміка» — 305.

У БДУІР самы высокі прахадны бал — 317. Запатрабаванымі ў абітурыентаў, якія падалі дакументы на платную форму навучання, тут сталі ІT-спецыяльнасці і спецыяльнасці інжынерна-эканамічнага профілю. Найбольш папулярныя — «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (317), «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (289), «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)» (279). Заўважым, што на бюджэце рэйтынг спецыяльнасцяў узначаліла «эканоміка электроннага бізнесу» з прахадным балам 384.

У БНТУ на першым месцы ў абітурыентаў, якія паступалі на платныя месцы па выніках трох ЦТ, была «мытная справа»: прахадны бал на гэту спецыяльнасць — 257. На другім — «кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве» (247) і «транспартная лагістыка» (247). Далей ідуць «бізнес-адміністрыраванне» (244 балы) і «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (243). А самыя нізкія балы на платнай форме навучання ў БНТУ склаліся на спецыяльнасцях «дызайн гусенічных і колавых машын» (усяго 99,7), «дызайн вытворчага абсталявання» (100,33), «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» (103), «водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў» (106). Але на шэрагу спецыяльнасцяў конкурс увогуле не адбыўся, і на іх былі залічаны ўсе абітурыенты, якія падалі свае дакументы.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце самых моцных абітурыентаў сабраў факультэт кітайскай мовы і культуры: на спецыяльнасці «кітайская мова» (спецыялізацыя — камп'ютарная лінгвістыка і руская мова як замежная) прахадны бал на платную форму навучання склаў 310, на спецыяльнасці «кітайская мова» (спецыялізацыя — спецыяльны пераклад) — 321 бал. А, напрыклад, на арабскую мову (спецыяльны пераклад) дастаткова было набраць 194 балы, хоць на бюджэтнай форме навучання прахадны бал тут быў 351.

Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
среда, августа 8, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Нікалаева, Надзея

Источник: 

Звязда