Трэцяя сесія - турыстычная

Новость: 

3 24 па 27 верасня ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці праходзіў рэспубліканскі турыстычны злёт студэнтаў. 13 каманд з розных рэгіёнаў і ўніверсітэтаў розных профіляў на працягу чатырох дзён адстойвалі на беразе Віліі турыстычны гонар родных альма-матар.

Рэспубліканскі турыстычны злёт студэнтаў з’яўляецца традыцыйным мерапрыемствам і штогод праводзіцца міністэрствамі адукацыі, спорту і турызму, непасрэдны арганізатар — Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Студэнцкі турзлёт як своеасаблівая турыстычная сесія, са сваімі экзаменамі, білетамі і пытаннямі, залікоўкамі і экзаменатарамі. Традыцыйна яго ўдзельнікаў чакае некалькі турыстычных іспытаў: кароткая і доўгая дыстанцыі, якія ўваходзяць у спартыўную праграму, а таксама конкурсы турыстычных навыкаў i быту, прадстаўлення каманд, на лепшую газету “Будні злёту” і турыстычную песню (конкурсная праграма).

Кожны турыстычны экзамен складаўся з асобных пытанняў (этапаў). Так, спаборніцтвы на кароткай дыстанцыі прадугледжвалі пад’ём па схіле або дрэве свабодным лажаннем, пад’ём па схіле па вертыкальных парэнчах, траверс па гарызантальных парэнчах, спуск “дзюльферам”, навясную пераправу, пераправу па паралельных вяроўках, пераправу “маятнікам”, нахіленую навясную пераправу. Камандныя спаборніцтвы на доўгай дыстанцыі ўключалі навясную пераправу, паралельныя вяроўкі, пад’ём, траверс, спуск па схіле, “гаць”, пераправу па бервяне з укладкай і арганізацыяй парэнчаў, вязку насілак і транспарціроўку “пацярпелага” па перасечанай мясцовасці, вязку вузлоў, праходжанне абазначанага маршруту, пераправу “маятнікам”, вызначэнне адлегласці да арыенціра, азімута на прадмет, арыентаванне на зададзеным кірунку. Як бачым, для паспяховай здачы іспытаў патрэбны былі спрыт, спрактыкаванасць, кемлівасцьі, канечне, жаданне перамагаць.

На жаль, паспяхова здаць “сесію” атрымалася не ва ўсіх студэнтаў–турыстаў. Найбольш удалымі былі выступленні каманд Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (па вышках спартыўнай праграмы на кароткай дыстанцыі яна заняла другое месца, на доўгай — першае, па конкурснай праграме — другое, выніковае — першае), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (на кароткай дыстанцыі першае месца, на доўгай — другое, конкурсная праграма — пятае, выніковае — другое) і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (кароткая і доўгая дыстанцыі — чацвёртае, конкурсная праграма — першае, выніковае —трэцяе).

Па словах галоўнага суддзі турзлёту намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзіі Андрэеўны Жур, прычын “завалу” турыстычнай сесіі некаторымі камандамі некалькі. Самая банальная: турысты спужаліся холаду. Канечне, раніцай былі замаразкі, аднак у асноўным дні турзлёту выдаліся сонечнымі і яркімі. Адразу ўзнікае пытанне: а навошта тады турыстычныя дыванкі і цёплыя спальнікі? Яшчэ некаторыя прарэктары чамусьці вырашылі, што ўдзел у рэспубліканскім турзлёце не настолькі прэстыжны, як у абласным. Але гэта лірычныя адступленні...

Былі і ўважлівыя прычыны няўдалага выступления і нават нез’яўлення на турзлёт. У некаторых універсітэтах скарочаны стаўкі кіраўніка клуба, недзе клубы расфарміраваны, у іншых установах адбываецца змена пакаленняў. Прыкладам гэтага з’яўляецца каманда Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Так, на мінулым злёце яна стала пераможцай і па праву падымала сёлета на адкрыцці дзяржаўны сцяг. Аднак гэта былі заслугі папярэдняй каманды. Навічкі ж пакуль яшчэ ўдасканальваюць сваё турыстычнае майстэрства. Пятае агульнакаманднае месца — таксама добры вынік.

— Самыя актыўныя ўніверсітэты, якія ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх злётах, — гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Беларуски дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускi нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускi дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, — адзначыла Лідзія Андрэеўна Жур.

Канечне, тых, хто дрэнна здаў экзамены, хто заваліў турыстычную сесію, нават тых, хто на яе не з'явіўся, адлічваць з універсітэтаў не будуць. Гэта, напэўна, адзіная сесія, дзе паспяховасць здачы экзаменаў — не самае галоўнае. Усё ж такі турызм — гэта адпачынак, здароўе, новыя сябры, а ў гэтым годзе яшчэ і выдатная магчымасць назбіраць грыбоў. Дарэчы, для тых, хто спужаўся холаду: як плануецца, наступны рэспубліканскі турзлёт студэнтаў пройдзе ў больш цёплыя майскія дні і ночы i будзе прысвечаны будучаму Году моладзі.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
четверг, октября 2, 2014
Интеллектуальная ответственность: 

Грэчка, Игар

Источник: 

Настаўніцкая газета