Студэнты— за здаровы лад жыцця

Новость: 

Днямі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце ў межах Сусветнага дня барацьбы са СНІДам і Міжнароднага дня адмовы ад курэння адбылася акцыя "Студэнцтва БНТУ — за здаровы лад жыцця".

Мерапрыемства, арганізаванае па ініцыятыве студэнцкаI га савета, праводзіцца другі год запар. Яго гісторыя бярэ пачатак са штогадовых конкурсаў “Кідай курыць!” i “Небяспечнасць — СНІД”. Сёлета асаблівасцю акцыі стала тое, што ў ёй прымаюць удзел не толькі студэнты i курсанты, але i навучэнцы ўсіх філіялаў каледжаў i ліцэя БНТУ. Усяго ініцыятыва сабрала 26 каманд, у якія ўвайшло больш за 200 чалавек.

Акцыя праходзіла ў два этапы: інтэлектуальны i спартыўны. На першым спаборніцкім крузе маладыя людзі пераадольвалі чатыры туры віктарыны. У першым юнакі i дзяўчаты павінны былі аднавіць вядомыя цытаты, прыказкі і прымаўкі, звязаныя з тэмай здаровага ладу жыцця (напрыклад, “Ад павышэння градусаў нават вуглы тупеюць”; “Хто не хварэў, той здароўю цаны не ведае”). У другім туры неабходна было адгадаць адсутны элемент на выявах вядомых кінакарцін. Нават звычайнаму назіральніку было цікава паспрабаваць свае сілы ў гэтым заданні, паколькі нярэдка яно прыносіла сюрпрызы (цяжка ўявіць славутага Шэрлака Холмса ў выкананні Васілія Ліванава без курыльнай трубкі, але на выяве схаваным элементам замест яе быў кубачак кавы). У трэцім раўндзе студентам і навучэнцам патрэбна было адказаць на пытанні накшталт таго, што на Русі “чортавым ладанам” называлі табаку, або згадаць славутага “забойцу коней” — нікацін. Заключны, чацвёрты, тур патрабаваў ад прысутных выключных ведаў і добра развітой логікі: неабходна было вызначыць, да якога вітаміну адносяцца тыя ці іншыя рэчывы, пры дапамозе іх апісання.

Прамежкавыя вынікі падводзіліся перад пачаткам другога этапу мерапрыемства. Гэта, па словах арганізатараў праекта, стала, вялікім стымулам для многіх каманд, паколькі пасля першага кола спаборніцтваў каманды ішлі амаль поплеч, з невялікім адрывам. Так, у лідарах апынуліся каманды ваенна-тэхнічнага факультэта і Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа.

Аднак другі этап акцыі, які прайшоў у спартыўным комплексе, моцна падкарэкціраваў балы ўдзельнікаў. Тут каманды правяралі свае сілы ў скаканні з мячом, у меткасці, праходжанні праз абруч і інш. Эстафета раскрыла спрыт канкурсантаў і выклікала ў іх шмат непадробных эмоцый. Яркім момантам завяршэння спартыўных спаборніцтваў сталі творчыя нумары студэнтаў факультета горнай справы і інжынернай экалогіі і прысутнасць роставых лялек, з якімі маладыя людзі рабілі фотаздымкі.

Такім чынам, 3-е месца дасталася факультету горнай справы і інжынернай экалогіі, на 2-м апынулася каманда Салігорскага дзяржаўнага горна-хімічнага каледжа, а на вышыні п’едэстала з 1-м месцам замацаваліся навучэнцы Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа. Пераможцаў павіншаваў першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына і ўручыў ім дыпломы і медалі. А загадчык першага тэрапеўтычнага аддзялення 33-й гарадской студэнцкай паліклінікі Надзея Судас перадала ўдзельнікам сертыфікаты і традыцыйныя пірагі, якія звычайна яшчэ больш аб’ядноўваюць моладзь.

Удзельнікі прызналіся, што пасля такога мерапрыемства нават надвор’е змянілася ў лепшы бок. Асабліва гэтаму радаваліся юныя пераможцы: не кожны дзень ты перамагаеш студэнтаў!

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
суббота, декабря 8, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Івашка, Ірына

Источник: 

Настаўніцкая газета