“Рэктар — гэта вяршыня ўсяго”

Новость: 

Кіраўнік дзяржавы назначыў рэктара БДУ, міністраў інфармацыі і культуры.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Андрэя Караля на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Да гэтага часу Андрэй Кароль працаваў на пасадзе рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Таксама прэзідэнт даў згоду на назначэнне Сяргея Харытончыка рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Дзяніса Дука — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Максіма Кіркора — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не супраць “вальнадумства” сярод студэнцтва, але абавязкова разам з патрыятычным выхаваннем, заявіў кіраўнік дзяржавы, прымаючы рашэнні аб назначэнні шэрага кіраўнікоў ВНУ.

«Студэнты — вальнадумцы. Мы самі такімі былі. Не ведаю, як вы, а я дакладна. Таму не трэба ў іх гэтую жылку і струнку душыць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Але іх трэба выхоўваць патрыётамі нашай краіны, каб не атрымалася так, што мы трацім тут грошы на іх выхаванне, а заўтра яны працуюць невядома дзе і толку ад гэтага краіне няма”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў асаблівую ролю рэктараў ВНУ і значнасць гэтай пасады. “Як толькі вы выйдзеце за парог гэтага кабінета, вы — людзі прэзідэнта. Вы ажыццяўляеце яго палітыку. У адваротным выпадку не трэба згаджацца і ісці на гэтыя пасады. Маю палітыку вы ведаеце: калі я недзе буду гаварыць не так і не буду мець рацыю, вы мне скажыце адразу. Рашэнне прынята, прамаўчалі — выконвайце. Гэта датычыцца ўсіх, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што датычыцца рэктараў, гэта асаблівыя людзі. Гэта людзі, якія куюць будучыню, эліту нашай краіны”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што без высакакласных спецыялістаў, якіх рыхтуюць у ВНУ, не можа развівацца ні адна дзяржава. “Таму я ўдзяляю асаблівую ўвагу рабоце з рэктарскім складам. Мне перш за ўсё патрэбны парадак. У ВНУ павінен быць парадак”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што выкладчыкі ВНУ, дзе ён вучыўся, аказалі на яго значны ўплыў. “Гэта выключныя былі людзі. І даволі свабодалюбівыя людзі, з якімі я сябраваў, калі ўжо быў прэзідэнтам, наведваючы ўніверсітэт. Мы з імі асабіста сустракаліся, яны на мяне паўплывалі значна. Яны мелі свой пункт гледжання, слушна яго выказвалі”, — расказаў беларускі лідар.

“Я заўсёды рэктарам зайздрошчу. Лічу, што гэта самая цудоўная пасада для чалавека. Ты і выкладчык, і ў той жа час кіраўнік гэтых выкладчыкаў. Як трапіў у ВНУ, з таго часу лічу, што рэктар — гэта вяршыня ўсяго. У мяне такое меркаванне склалася. Таму цаніце гэтую пасаду і адпавядайце ёй па самых высокіх стандартах”, — даў наказ Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама папярэдзіў новых рэктараў аб недапушчальнасці якіх-небудзь карупцыйных праяў у іх рабоце. “Ніякіх сяброў у плане таго, што “я табе зраблю, ты — мне” і гэтак далей, і да таго падобнае. Гэта бяда, трагедыя будзе ў вашым жыцці. Гэта адзінае, ад чаго я не змагу вас абараніць. Нікога не змагу абараніць. Нават сваіх сыноў. Таму будзьце вельмі акуратныя і асцярожныя, будзьце справядлівыя”, — падкрэсліў ён.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як вядучую ВНУ краіны неабходна ўзняць на прыступку вышэй, каб па сваім змесце ён адпавядаў чаканням абітурыентаў. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Андрэя Караля на пасаду рэктара БДУ.

“У БДУ — я абсалютна згодны і з урадам, і з Адміністрацыяй прэзідэнта — трэба навесці парадак. Я вельмі спадзяюся, што ў вас там атрымаецца”, — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да новага рэктара.

Ён падкрэсліў, што Андрэй Кароль фактычна з’яўляецца даверанай асобай прэзідэнта, але назначэнне звязана не з гэтым. Гаворачы аб персаналіі новага рэктара, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што раней не згадзіўся яго накіроўваць на адну з “чыноўніцкіх” пасад у дзяржапараце, якая прапаноўвалася ў той момант. “Ён яшчэ нам на больш важным участку павінен паслужыць, і народу, і дзяржаве, падрыхтаваўшы добрыя кадры. Гэта вядучая ВНУ, — адзначыў беларускі лідар. — Вельмі спадзяюся, што БДУ па сваім змесце будзе адпавядаць чаканням людзей, якія туды паступаюць. Таму што яны лічаць, што БДУ — гэта верх усяго. Гэта сапраўды так. Але змест у нас крыху не адпавядае. І вы з гэтым хутка сутыкняцеся”.

“Трэба яго ўзнімаць на прыступку вышэй, чым ёсць на самай справе”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў, што абавязкова наведае ВНУ ў наступным годзе, каб у тым ліку абмеркаваць шляхі вырашэння праблем, якія ўбачыць Андрэй Кароль, працуючы на новай пасадзе.

Што датычыцца БНТУ, прэзідэнт падкрэсліў, што гэта таксама адзін з важнейшых універсітэтаў краіны. “Без яго ніякія інжынеры ў краіне немагчымы. І трэба сказаць, што інжынеры, якія навучаліся ў вас, славу нашай дзяржаве прынеслі”, — сказаў ён.

Гаворачы пра сваю альма-матар — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, — Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў тыя гады там на вельмі высокім узроўні выкладалі гісторыю, чаму часткова садзейнічала і тое, што на курсе было ўсяго дзве групы прыкладна па 25 чалавек. Акрамя таго, быў высокі конкурс на паступленне.

“Так склалася, што прэзідэнт там некалі вучыўся. Таму вам давядзецца адпавядаць гэтаму статусу. Гэта добрая навучальная ўстанова, кампактная, не раздутая”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Тое ж самае і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Я яго, праўда, збоку заўсёды назіраў. Яшчэ больш кампактны, але вельмі важны для нас універсітэт”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама назначыў Аляксандра Карлюкевіча, які да гэтага часу працаваў на пасадзе намесніка міністра інфармацыі, кіраўніком гэтага ведамства.

“Права на памылку ў вас няма. Горш працаваць у Міністэрстве інфармацыі мы не павінны. Калі там ёсць нейкія недахопы, гэта і ваша віна: вы не радавым чалавекам там былі, а працавалі намеснікам”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што вопыт і веды папярэдняга кіраўніка ведамства Ліліі Ананіч будуць запатрабаваны ў іншай сферы. “Мы не можам ёй прад’явіць нейкія надзвычайныя прэтэнзіі і адхіліць ад пасады. Мы павінны дакладна разумець, што яна будзе працаваць на іншым участку. Вы мне потым даложыце, куды прапануеце яе працаўладкаваць”, — даручыў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Юрыя Бондара міністрам культуры Беларусі, да гэтага моманту ён працаваў на пасадзе рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў Міністэрстве культуры заўсёды складваецца няпростая абстаноўка, паколькі ў ім працуюць творчыя людзі. “Там заўсёды шмат розных плётак, абгавораў, разважанняў — такое жыццё. Тым не менш мы павінны працаваць такім чынам, каб гэтых размоў было менш, а людзі былі нацэлены на канкрэтную работу. Трэба паставіць сябе такім чынам, каб усё было сумленна і справядліва, кожны займаўся сваёй справай, а не хадзіў і бедаваў, як яму цяжка, або скардзіўся на калегу”, — паставіў задачу прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сапраўдных работнікаў у Міністэрстве культуры, якія жадаюць працаваць, пераважная большасць. “Усіх тых, хто перашкаджае працаваць, трэба проста пазбавіць усялякага ўплыву на творчае асяроддзе і творчых работнікаў. Таму, як вы разумееце, права на памылку няма. Чакаць год-два, пакуль вы ўвойдзеце ў пасаду, радыкальна зменіце сітуацыю, часу няма, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў назначэнне Сяргея Харытончыка рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Дзяніса Дука — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Максіма Кіркора — рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
суббота, сентября 30, 2017
Интеллектуальная ответственность: 

"Настаўніцкая газета"

Источник: 

Настаўніцкая газета