Падзякі за актыўнасць

Новость: 

Урачыстая цырымонія, прысвечаная выпуску лепшых прафсаюзных актывістаў устаноў вышэйшай адукацыі Мінска, адбылася ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага. Мерапрыемства пачалося з экскурсіі па галерэі, больш блізкага знаёмства выпускнікоў сталічных УВА з творчасцю вядомага беларускага мастака.

А потым прайшло ўганараванне прафсаюзных актывістаў. Падобнае мерапрыемства Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праводзіць кожны год у рамках акцыі “Студэнты і прафсаюз — разам”.

Адна з тых, хто атрымаў падзячны ліст ЦК галіновага прафсаюза, — Аксана Чаркоўская, старшыня прафсаюзнага бюро студэнтаў факультэта права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Дзяўчына ўжо атрымала дыплом, але не збіраецца расставацца ні з навучальнай установай, якая за гады вучобы стала для яе роднай, ні з работай у прафсаюзе. Па размеркаванні яна застаецца працаваць галоўным спецыялістам прафсаюзнай арганізацыі УВА.

— Я два гады працавала ў прафсаюзе, а да гэтага займалася прафсаюзнай работай на грамадскіх пачатках, таму работу добра ведаю, — гаворыць А.Чаркоўская.

Акрамя таго, у апошні год свайго навучання дзяўчына была лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі навучэнцаў з ліку прафсаюзных актывістаў. Яе атрымліваюць тыя маладыя людзі, якія добра вучацца, займаюцца навукова-даследчай работай, спортам, творчасцю, вылучаюцца актыўнасцю, крэатыўнасцю ў грамадскай дзейнасці. Памер стыпендыі для студэнтаў УВА складае чатыры базавыя велічыні ў месяц, для навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — дзве базавыя велічыні. А ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі для лепшых навучэнцаў, прафсаюзных актывістаў, заснаваў сваю стыпендыю, якая выплачваецца аднаразова.

Падчас урачыстай цырымоніі ў мастацкай галерэі лепшых студэнтаў сталічных УВА павіншавалі і выказалі ім словы падзякі галоўны спецыяліст ЦК галіновага прафсаюза Наталля Каменка, старшыня маладзёжнага савета старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДЭУ Міхаіл Барэйша. Да яго далучыліся старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, іншых устаноў вышэйшай адукацыі.

У спісе ўзнагароджаных — сорак дзяўчат і хлопцаў з БДУ, БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДЭУ, БДУІР, МДЛУ, Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
суббота, июня 17, 2017
Интеллектуальная ответственность: 

Хідджаз, Марына

Источник: 

Настаўніцкая газета