Чатыры сотні чалавек пешшу і на роварах «чыталі горад» Мінск

Фото: 
Новость: 

Мінулай суботай праект па гарадскім арыентаванні «Адрыў» прайшоўся па Менску з тэматычнай гульнёй, прысвечанай Дню бібліятэк. Выходным днём «прачытаць горад» сабраліся болей за 400 чалавек у складзе 39 роварных і 123 пешаходных камандаў. «Чытай-Горад» – апошняя гульня праекту ў гэтым сезоне для сталічнай прасторы.

Праз бібліятэчную тэматыку восеньская гульня атрымала асаблівы характар і атмасферу. Старт, першая частка маршрута і фініш праходзілі ў знакамітым пафасным «дыяменце» беларускай культуры – Нацыянальнай бібліятэцы. Астатняя частка гульні ішла па месцах гораду, якія былі нейкім бокам звязаныя з чытаннем, кнігамі, літаратурнымі дзеячамі розных часоў і эпох.

«Усё супала. Насамрэч я займаюся тэхнічнай часткай – раблю працэс гульні. А ідэя гэтай гульні належыць мінскім бібліятэкарам. На адным з гарадскіх фестываляў летась я выступаў з прэзентацыяй праекту «Адрыў»: што мы робім у Менску, як мы існуем. Там былі бібліятэкары, якія вырашылі, што «Адрыў» можа быць ім карысным», – тлумачыць Generation.by стваральнік «Адрыву» Аляксей Zoom пра тое, як атрымалася зацягнуць гульню ў галоўную бібліятэку краіны.

Яшчэ адной адметнасцю гэтай гульні стаў адзін з кантрольных пунктаў у пешаходнай катэгорыі, на якім размяшчалася кропка збору неабыякавых людзей ад Talaka.by. Для таго, каб прайсці гэтую кропку ад удзельнікаў патрабавалася не толькі знайсці код «пад зэдлікам», але і на атрыманым сцікеры напісаць сваю ідэю для бібліятэкі, каб атрымаць пячатку ў маршрутнік, і працягнуць захоп астатніх КП.

Побач з расцяжкай са сцікерамі ў гэты дзень адкрывалася першая міні-бібліятэка на вольным паветры ў Беларусі. У маленькім доміку ў дворыку БНТУ цяпер можна браць упадабаныя кнігі і ўзамен пакідаць свае.

Рэспубліканская навуковая бібліятэка, на чацвёртым паверсе якой знаходзіцца музей медыцыны, спрычыніла ўдзельнікаў «Адрыву» да відовішчных выяваў з гісторыі медыцыны.

Кантрольны пункт, які арганізатары размясцілі на тэрыторыі Дзіцячай бібліятэкі – Дом «пілота» аказаўся сапраўдным дом Карлсана, дзе трэба было знайсці прыладу для вызначэння надвор’я. «Адрыўнікі» з дзіцячым рогатам штурмавалі дах, пад якім жыве казачны персанаж.

Гэтым разам камандам даводзілася больш пільна сачыць за часам, бо таймаўт складаў толькі 6 гадзін, і неабходна было паспець фінішаваць да 18-й, бо бібліятэкі па суботах зачыняюцца ў гэты час.

Дата публикации: 
понедельник, сентября 22, 2014
Интеллектуальная ответственность: 

Сакалоўская, Юля

Generation.by

Источник: 

Generation.by