Найлепшыя ў фізічных баях — ліцэісты БДУ

Новость: 

Каманды ліцэя БДУ сталі пераможцамі XXVII Рэспубліканскага турніру юных фізікаў. Усяго ў інтэлектуальных спаборніцтвах узялі ўдзел 15 команд з усіх рэгіёнаў краіны і Расіі (13 беларускіх і 2 расійскія), якія на працягу трох дзён на базе Ліцэя БДУ традыцыйна трымалі бой за магчымасць стаць лепшай камандай краіны.

«Золата» і “серабро” заваявалі ліцэісты БДУ на Рэспубліканскім турніры юных фізікаў. Залатымі прызёрамі сталі адзінаццацікласнікі Ігар Філіповіч, Цімур Бязіеў, Лізавета Смалякова, Багдан Насякайлат і Аліса Сагрына. Кіраўніком каманды выступіў пяцікурснік фізічнага факультэта БДУ Данііл Мнявец.

Дыплом II ступені — у каманды дзесяцікласнікаў Ліцэя БДУ. У яе склад увайшлі Марына Белазорава, Соф’я Багакоўская, Аляксей Барыс, Міраслаў Колас і Арсеній Холад. Падрыхтоўкай дзесяцікласнікаў займаліся студэнткі першага і другога курсаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Паліна Шырко і Соф’я Анісімава адпаведна. “Серабро” таксама і ў зборнай Ліцэя БНТУ N° 1.

Трэцяе месца інтэлектуальнага спаборніцтва падзялілі каманды “Разумісты” і NEW з горада Варонежа (Расія), а таксама прадстаўнікі ліцэя № 2 БНТУ, гімназіі Нясвіжа і сталічнай гімназіі № 61.

Баі адбываліся на пляцоўцы Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі Міністэрства адукацыі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Старшынёй журы выступіў прафесар кафедры фізікі паўправаднікоў і нанаэлектронікі фізічнага факультэта БДУ Мікалай Паклонскі. Ганаровым госцем стаў прадстаўнік арганізацыйнага камітэта Міжнароднага турніру юных фізікаў Ілья Марчанка.

У ходзе спаборніцтваў навучэнцы дэманстравалі ўменне рашаць задачы даследчага характару, праводзіць фізічныя эксперыменты, правільна і пераканаўча падаваць атрыманыя вынікі, адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Турнір складаўся з фізічных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладвалі свае даследаванні па прапанаваных заданиях, а таксама выступалі ў ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых удзельнікаў.

Удзельнікі турніру юных фізікаў — прыхільнікі калектыўнай навуковай творчасці, бо на сёння любая навуковая лабараторыя — калектыў. Акрамя таго, удзельнікі турніру набываюць вопыт публічнага выступления, бо прэзентуюць свае рашэнні вусна, апаніруюць і рэцэнзуюць рашэнні іншых таксама вусна.

Каб стацьудзельнікам турніру юных фізікаў, старшакласнікам папярэдне неабходна рашыць як мінімум 9 з 12-і прапанаваных эксперыментальных задач. Напрыклад, «Запаўненне бутэлькі»: вертыкальны струмень вады, які ўпадае ў бутэльку, можа ствараць гук. Па меры запаўнення бутэлькі характарыстыкі гуку мяняюцца. Даследуйце, як такія істотныя параметры сістэмы, як хуткасць і памер струменя, форма і памер бутэлькі або тэмпература вады, уплываюць на гук.

Мэта такіх задач — паставіць удзельніка ў тыя ж умовы, у якіх знаходзіцца звычайны даследчык. Рашэнне задачы і нават спосаб рашэння цалкам невядомыя, таму турнірныя задачы публікуюцца загадзя. Гэта дае магчымасць правесці ўсе неабходныя эксперыменты, знайсці патрэбную інфармацыю і атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў.

Беларускі рэспубліканскі турнір юных фізікаў з'яўляецца адборачным турам міжнароднага турніру, таму задачы распрацоўваюцца фізікамі краін — удзельніц міжнароднага турніру. I адметнасць гэтых задач заключаецца ў першую чаргу ў іх уніфікаванасці для ўдзельнікаў кожнай краіны.

Па выніках Рэспубліканскага турніру будзе сфарміравана зборная каманда Беларусі, якая прадставіць краіну на Міжнародным турніры юных фізікаў, які ў ліпені 2019 года пройдзе ў Варшаве (Польшча). Пад увагу бярэцца і валоданне англійскай мовай — рабочай мовай міжнароднага турніру.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
четверг, февраля 21, 2019
Интеллектуальная ответственность: 

Дубоўская, Вольга

Источник: 

Настаўніцкая газета