Любыя дзверы адчыняць... інжынеры

Новость: 

3 22 па 26 кастрычніка ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце праходзіць VII Форум Саюзнай дзяржавы вышэйшых навучальных устаноў інжынерна-тэхналагічнага профілю. Арганізатарамі мерапрыемства сталі БНТУ і Ніжагародскi дзяржаўны тзхнічны ўніверсітэт імя Р.Я.Аляксеева пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Гісторыя форуму бярэ пачатак у 2012 годзе. Першапачаткова ў навуковай падзеі былі задзейнічаны толькі Беларусь і Расія, пасля яе геаграфічныя гарызонты значка пашырыліся. Ужо некалькі гадоў запар форум з’яўляецца міжнародным. Так, сёлета ў БНТУ завіталі прадстаўнікі з універсітэтаў больш чым 10 краін: Расіі, Польшчы, Казахстана, Сербіі, Швейцарыі, Нарвегіі і інш. Па словах арганізатараў, падобныя сустрэчы міжнароднага ўзроўню пасля некалькіх гадоў звычайна ідуць на спад, але VII Форум Саюзнай дзяржавы ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю даказвае, што стаў выключэннем.

Штогод мерапрыемства ўздымае важныя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы. Сёлета, напрыклад, на парадку дня — пытанні падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі і Беларускай АЭС, рэалізацыя праграмы “Універсітэт 3.0”, якая разлічана на фарміраванне асяроддзя, у межах якога падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, навука і прадпрымальніцтва “гавораць на адной мове”, распрацоўка і асваенне радовішч Арктыкі, пытанні энергетыкі і сумеснай арганізацыі авіявытворчасцей, забеспячэнне працы бібліятэк, падрыхтоўка інжынерных кадраў. Традыцыйна ўдзельнікамі мерапрыемства сталі таксама выбітныя навукоўцы, палітычныя лідары і вядомыя прадпрымальнікі Беларусі і Расіі.

— Мы бачым сябе ўніверсітэтам 3.0 ужо не першы год, паколькі працуем у гэтым напрамку доўгі час і назапасілі вялікі вопыт. Гэтая тэма не новая, але вельмі актуальная. Мы адчуваем тут сябе гэтак жа, як спортсмен на дыстанцыі, калі ён праходзіць яе, будучы, па-першае, у добрай форме, па–другое, рухаючыся з добрай хуткасцю, — адзначыў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Удзел моладзі ў мерапрыемствах i проектах тэхнічнага характару — немалаважны аспект у развіцці краіны. Мы не зможам рэалізавацца як тэхнічная ўстанова вышэйшай адукацыі, калі не будзе падмацавання ідэй, кадраў i руху ў тэхналагічным напрамку.

Сёлетні форум падзяляецца на 5 секцый, якія ўключаюць у сябе больш за 10 семінараў па разнастайных галінах навукі і тэхнікі. Удзельнікі змогуць не толькі абмеркаваць вострыя пытанні, але і атрымаюць магчымасць прадставіць свае напрацоўкі, абмяняцца вопытам і ідэямі, пачуць прафесійныя парады спецыялістаў і набыць контакты для далейшага супрацоўніцтва. У гэтым маладым людзям у нейкай ступені дапамогуць стартап-школа і бізнес-бой за званне лепшага маладзёжнага праекта Саюзнай дзяржавы.

— Задача вышэйшай школы зараз — рыхтаваць кадры і развіваць тую навуку, якая неабходна для іх, — заўважыў кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь. — У гэтым напрамку мы ўзаемадзейнічаем не толькі з БНТУ, але і з усімі ўніверсітэтамі краіны. Галоўнае тут узаемазацікаўленасць. Зараз акадэміяй навук фарміруюцца новыя галіны, а для іх, як вядома, патрэбны спецыялісты. Без моладзі немагчыма хуткае развіццё, паколькі яна разумее многія працэсы лепш за старэйшае пакаленне, хутка вучыцца. Аднак гэтыя працэсы патрэбна спалучаць такім чынам, каб не знішчыць сфарміраваныя раней грунтоўныя тэарэтычныя школы і на іх базе фарміраваць нешта новае.

Па словах спецыяліста, беларуская навука задзейнічана ў асваенні Арктыкі вельмі актыўна, паколькі ў краіны ёсць свая станцыя, на якую штогод пасылаюцца спецыялісты, у тым ліку моладзь. Асноўная мэта сёння — перайсці з сезоннага ўдзелу ў экспедыцыях на круглагадовы.

Словы акадэміка пра таленавітую моладзь пацвярджаюцца годным прыкладам чацвёртакурсніка інжынерна-будаўнічага факультета БНТУ Аляксея Кузняцова і яго каманды. Хлопец прадставіць на форуме проект першага ў Беларусі пратэза рукі, які зможа паўтараць магчымасці жывой канечнасці. Паколькі найбліжэйшы аналаг знаходзіцца ў Расіі, юнак разам з камандай вырашыў рэалізаваць тэта ў сваім універсітэце. Асноваўтваральным фактарам канчатковага прадукту хлопец назваў яго даступны кошт. Да рэалізацыі задумы маладога чалавека падштурхнуў навуковы артыкул 2015 года, у якім расказвалася, што на той час у краіне ў пратэзе перадплечча мелі патрэбу каля дзвюх тысяч чалавек, у пратэзе нагі — каля шасці тысяч, у Расіі — каля 60 тысяч, а ў свеце — больш за 3 мільёны. Акрамя яго — менеджара праекта, у камандзе працуюць яшчэ два чалавекі з факультета — канструктар i дызайнер. Зараз у межах ажыццяўлення ідэі маладыя людзі супрацоўнічаюць з тэхнапаркам БНТУ “Палітэхнік”.

— Форум цікавы тым, што тут можна паказаць сябе i свой проект, калі пашанцуе — знайсці інвестара. Гэта добрая магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных семінарах і бізнес-баях i, хто ведае, перамагчы, — разважае студэнт.

Маладога чалавека падтрымлівае чацвёртакурснік з Ніжагародскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Р. Я. Аляксеева Міхаіл Якімаў. Хлопец працаваў над праектам “Інтэлектуальная сістэма дарожнага руху”. Па яго словах, падобныя сістэмы распрацоўваюцца за мяжой, у Расіі адпаведнай вытворчасці няма. Яго каманда хацела стварыць спецыяльны святлафор i адаптаваць яго да расійскіх умоў.

— Мы прыехалі ў Беларусь, каб атрымаць зваротную сувязь: пачуць меркаванні і заўвагі наконт нашай ідэі. Кожная наша паездка папаўняецца новымі водгукамі ад людзей, якія працуюць у дарожнай сферы. Гэта дазваляе паглядзець на распрацоўку з розных бакоў, выправіць хібы. Заяўляць пра ўласныя праекты ўвогуле вельмі важна, паколькі, калі ты знаходзішся толькі ў сваім свеце, цяжка аб'ектыўна ацэньваць сваю задуму.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
четверг, октября 25, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Івашка, Ірына

Источник: 

Настаўніцкая газета