Геадэзія ў манежы

Новость: 

Пра новую кампетэнцыю “Геадэзія” мы размаўляем з галоўным экспертам WorldSkills дацэнтам кафедры інжынернай геадэзіі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ірынай Яўгенаўнай РАК.

— Кампетэнцыя “Геадэзія” прадстаўлена на рэспубліканскім спаборніцтве Worldskills другі раз, — паведаміла Ірына Яўгенаўна. — Але першы раз на агульнай пляцоўцы Футбольнага манежа яе нельга было ўбачыць. Будучыя геадэзісты спаборнічалі асобна, на базе Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа, філіяла Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Але гэты факт абсалютна не адбіўся на выступленнях канкурсантаў. У каледжы спаборніцтва было арганізавана на вышэйшым узроўні. Дзякуй за гэта адміністрацыі каледжа і асобна выкладчыку Галіне Георгіеўне Марозавай, якая стварыла кабінет геадэзіі ў каледжы, які можна па праве назваць марай любога выкладчыка. Удзельнікі і госці конкурсу былі ўражаны яго афармленнем і наяўнасцю неабходнага абсталявання.

Сёлета ў прафесійнай кампетэнцыі ўдзельнічаюць 8 каманд, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі, Мінск, а таксама ўдзельнічае каманда з Расійскай Федэрацыі. Сярод навучальных устаноў — філіял РІПА “Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж”, філіял БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і шэраг іншых. У кампетэнцыі задзейнічаны эксперты Г.Г.Марозава, П.М.Затула, А.В.Вырвінская, М.В.Варнель, А.Ю.Будо, Ю.П.Будо, П.У.Другакоў, К.А.Раманенка. У ліку канкурсантаў — студэнты Уладзіслаў Карпенка, Мікіта Іванько з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Уладзімір Фіцнер, Руслан Мірончык з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Арцём Жодзь, Аляксандр Шамрук з Тэхналагічнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і шэраг іншых. У конкурсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі Мічурынскага шматпрофільнага тэхнікума (Расійская Федэрацыя). У гэтым годзе ў кампетэнцыі “Геадэзія” партнёрамі выступаюць тры прадпрыемствы: “Белгеадэзія”, “Артософт” і “Кредо-Диолог”. Кожнае прадпрыемства зрабіла свой уклад у развіццё кампетэнцыі, дапамагала ў забеспячэнні канкурсантаў неабходным абсталяваннем.

Так, найбуйнейшае ў Беларусі прадпрыемства “Белгеадэзія”, якое выконвае геадэзічныя работы, выканала паверкі электронных тахеометраў, якія канкурсанты выкарыстоўвалі для забеспячэння дакладнасці і надзейнасці пры выкананні палявых работ.

Прадпрыемства “Артософт” (найбуйнейшы пастаўшчык геадэзічнага абсталявання на тэрыторыі нашай краіны) забяспечыла ўсіх удзельнікаў і экспертаў спецыяльнай конкурснай формай. А прадстаўнік гэтай кампаніі А.Я.Васюк працаваў на пляцоўцы ў якасці незалежнага эксперта.

Усе гэтыя прыклады яшчэ раз даказваюць, што вытворчасць зацікаўлена ў развіцці спецыяльнасці “Геадэзія” і чакае высокаадукаваных спецыялістаў.

Спецыяльнасць “Прыкладная геадэзія” арыентавана на падрыхтоўку спецыялістаў для вытворчасці тапографа-геадэзічных работ, геадэзійнага забеспячэння будаўніцтва інжынерных збудаванняў, зямельна-кадастравых і пошукавых работ.

Геадэзісты павінны мець практычныя навыкі з графічнай інфармацыяй у геаінфармацыйных сістэмах, выконваць аўтаматызаваную здымку з выкарыстаннем электронных тахеометраў і спадарожнікавых вымярэнняў, валодаць тэхналогіяй інжынерна-геадэзічных пошукаў, праектавання інжынерных збудаванняў па лічбавай матэматычнай мадэлі ў праграмным комплексе CREDO, афармляць праектную дакументацыю з выкарыстаннем камп’ютарных сістэм дакументаабароту.

Будучым геадэзістам трэба было выканаць вялікі аб’ём работ, куды ўвайшлі 5 модуляў: геадэзічныя работы пры праектаванні, геадэзічная падрыхтоўка зыходных даных, геадэзічныя работы пры пераносе праекта ў натуру, нівеліраванне паверхні па квадратах, складанне картаграм земляных работ.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Рубрика: 
Дата публикации: 
вторник, мая 29, 2018
Интеллектуальная ответственность: 

Клюйко, Ала

Источник: 

Настаўніцкая газета