Добры імідж у суполцы прафесіяналаў

Новость: 

Установы вышэйшай адукацыі Беларусі маюць шматлікія замежныя кантакты. Напрыклад, партнёрамі БНТУ з’яўляюцца звыш 170 універсітэтаў і навукова-адукацыйных цэнтраў з больш чым 30 краін свету. Прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ Юрый Нікалайчык засяродзіў увагу на некалькіх сумесных праектах.

Так, у БНТУ адкрыты адзіны ў свеце Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы. Яго дзейнасць скіравана на ўзаемадзеянне ўніверсітэта з кітайскімі партнёрамі. Напрыклад, нядаўна ладзіўся міжнародны конкурс перакладчыкаў з кітайскай мовы (менавіта тэхнічных тэкстаў).

— Зараз ствараюцца сумесныя беларуска-кітайскія прадпрыемствы (“БелДжы”, завод рухавікоў унутранага згарання і г.д.), і там патрэбны спецыялісты з навыкамі тэхнічнага перакладу, — тлумачыць Юрый Аляксандравіч.

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў 2011 годзе быў створаны сумесны інжынерна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С.Асімі. Мінулым летам адбыўся першы выпуск — 65 інжынераў, якія скончылі сумесны факультэт (2 гады — у Душанбэ, 2 гады — у Мінску), атрымалі дыплом БНТУ.

У верасні ўніверсітэт пачынае навучанне студэнтаў на англійскай мове — вынік узаемадзеяння з партнёрамі ў Шры-Ланцы. Будзе рэалізавана тая ж схема сумеснай падрыхтоўкі, што і з таджыкскім універсітэтам (2+2). У Шры-Ланцы студэнты пройдуць падрыхтоўку па агульнатэхнічных дысцыплінах, а ў БНТУ — больш глыбокую падрыхтоўку па спецыяльнасці.

— Зараз у Шры-Ланцы па сумесных праграмах вучацца 17 студэнтаў, некаторыя сёлета ўжо прыедуць на вучобу ў БНТУ, — гаворыць Юрый Нікалайчык. — Запыт з боку Шры-Ланкі высокі, і я думаю, што колькасць студэнтаў з году ў год будзе павялічвацца. Зрэшты, нават пры наяўнай колькасці для БНТУ гэта рэнтабельна, бо частку выдаткаў на падрыхтоўку спецыялістаў бяруць на сябе нашы шры-ланкійскія партнёры, якія зацікаўлены ў праекце.

Вялікая работа праведзена і з узбекскімі партнёрамі. Узгоднены агульныя адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі па той жа схеме 2+2. Плануецца адкрыццё ва Узбекістане сумеснага тэхнапарка. Ёсць дамоўленасць аб правядзенні на базе БНТУ перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі грамадзян Узбекістана, якія працуюць ва ўніверсітэтах і на вытворчасці.

Сёння вышэйшую адукацыю ў БНТУ атрымліваюць звыш 1500 замежных студэнтаў з 35 краін свету.

— Гэта толькі першы этап, а ўвогуле планаў вельмі шмат, — паведаміў Юрый Аляксандравіч. — Стаіць задача стварыць ва Узбекістане беларуска-ўзбекскі інстытут прыкладных кваліфікацый, у рамках якога можна будзе рэалізоўваць адукацыйныя праграмы, праводзіць навуковыя даследаванні, займацца іх камерцыялізацыяй у рамках тэхнапарка, праводзіць абмен магістрантамі, аспірантамі і г.д.

Калі гаварыць пра заходні вектар супрацоўніцтва, то БНТУ ўдзельнічае ў шэрагу праектаў Еўрапейскага саюза. Многія праекты знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Рэалізоўваецца таксама шмат двухбаковых дагавораў з універсітэтамі і навуковымі цэнтрамі іншых краін. У БНТУ для чытання лекцый прыязджаюць вядучыя замежныя спецыялісты, прафесары ў галіне розных навук.

Мінулай вясной на базе машынабудаўнічага факультэта БНТУ прайшоў адзін з этапаў Сусветных інжынерных гульняў — World Engineering Competitions (WEC). Гэта міжнародны турнір па вырашэнні рэальных праектных задач (аналагічны WorldSkills, толькі для інжынераў), дзе студэнты спаборнічалі па розных тэхнічных напрамках. Як адзначыў Юрый Нікалайчык, універсітэт і далей будзе арыентавацца на сусветныя стандарты ў навуцы і тэхніцы.

— А ў кастрычніку гэтага года на базе БНТУ будзе праходзіць Еўрапейскі кангрэс аўтамабільных інжынераў, — паведаміў Юрый Аляксандравіч. — Гэта вельмі сур’ёзнае мерапрыемства, якое сведчыць пра значныя дасягненні нашага ўніверсітэта ў згаданай сферы і добры імідж вучоных БНТУ ў суполцы прафесіяналаў.

Виды СМИ: 
Дата публикации: 
вторник, февраля 5, 2019
Интеллектуальная ответственность: 

Сідаровіч, Галіна

Источник: 

Настаўніцкая газета