Чытаем на свежым паветры

Новость: 

Калі любіце чытаць, марыце сустрэцца з любімымі сучаснымі пісьменнікамі або жадаеце самі паспрабаваць сябе ў ролі аўтара або кніжнага ілюстратара, вам абавязкова варта зазірнуць сёння і заўтра ва ўтульны і атмасферны дворык БНТУ. Якраз у гэтыя дні там праходзіць маштабнае свята “Кнігі і горад”. Два гады фестываль праводзілі ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Але сёлета стала зразумела: ён так вырас, што яму ўжо цесна ў будынку, трэба перабірацца пад адкрытае неба.

У межах свята столькі ўсяго запланавана, што любыя сцены і праўда раздуліся б ад такой праграмы. А тут і інтэрактыўныя чытанні, у тым ліку з сабакамі-тэрапеўтамі, і навуковая шоу-праграма, і тэатралізаваныя прадстаўленні, і запусканне маленькіх лятаючых кніг, і майстар-клас па стварэнні буквіцы і коміксаў. Не кажучы ўжо пра пазнавальныя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, прычым не толькі беларускімі. Сёлета на фестываль запрошаны адразу пяць знакавых сучасных аўтараў з Расіі. Адзін з самых знакамітых расійскіх аўтараў для дзяцей Анастасія Арлова прачытае вершыкі для самых маленькіх. Аляксандр Панчын выступіць з серыяй навуковых лекцый. Наталля Еўдакімава здзівіць “Вясёлым апакаліпсісам для дзяцей, падлеткаў і ўсіх жадаючых”. Марына Арамштам запросіць на сустрэчу “Іду на навальніцу”.  Святлана Прудоўская навучыць рабіць кнігу сваімі рукамі.

Фестываль разлічаны на людзей самага рознага ўзросту. Ад наведвальнікаў толькі патрабуецца выбраць мерапрыемства прыдатнай узроставай катэгорыі і найбольш цікавага для іх фармату. Уваход свабодны.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
пятница, мая 19, 2017
Интеллектуальная ответственность: 

Мінкевіч, Людміла

Источник: 

Народная газета