Яны правяць балем

Новость: 

У краіне пачалася выдача сертыфікатаў аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання. Тысячы абітурыентаў сталі ў чэргі — многія з іх ужо ведаюць свае балы, але з нецярпеннем прагнуць убачыць запаветны дакумент. Абітурыенты, якія былі на ЦТ у рэзервовыя дні, змогуць забраць свае сертыфікаты з 13 ліпеня.

Атрымаць сертыфікаты ЦТ без пяці хвілін студэнты могуць у пунктах, дзе яны праходзілі тэсціраванне. Пры сабе трэба мець пашпарт і спецыяльны пропуск. Аляксандр Бахановіч, прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ, цёпла сустракае абітурыентаў:

— Мы рады бачыць кожнага. У хлопцаў і дзяўчат наступілі вельмі важныя ў жыцці дні — менавіта цяпер ім трэба вызначыцца з будучай прафесіяй. Яны хвалююцца, а мы стараемся падтрымаць.

Перажываць будучым студэнтам няма чаго. Іншагароднім абавязкова вылучаюць месцы ў інтэрнатах.

Для тых першакурснікаў, каму вучоба спачатку будзе складана давацца, арганізуюць бясплатныя дадатковыя заняткі і ўсё, як гаворыцца, разжуюць.

Увогуле, створаны ўсе ўмовы, каб паспяхова грызці граніт навукі.

Дарэчы, у БНТУ з раніцы мнагалюдна.

Многія атрымаць «пуцёўку ў жыццё» прыязджаюць з бацькамі, а часам і ўсёй вялікай сям’ёй. Таццяна Жук чакае сына і хвалюецца: «Спадзяёмся, што пройдзем у рады бясплатнікаў Паша старанна рыхтаваўся — і ў школе, і з рэпетытарамі. Старалася не ўплываць на выбар яго спецыяльнасці, але парады, вядома, давала». Павел, наадварот, з выгляду вельмі спакойны:

— Чамусьці ўпэўнены, што ўсё ў мяне атрымаецца. Я даўно вызначыўся: мяне захапляе машынабудаванне. Да таго ж многія сябры расказвалі: вучыцца, а потым і працаваць будзе цікава.

3 кабінетаў раз-пораз выходзяць прыгожыя і ўсмешлівыя абітурыенты. Круцяць у руках сертыфікаты і ўслых выдыхаюць: «Самы складаны этап пройдзены». Кацярына Лабун не хавае радасці:

— Балы па тэсціраванні больш чым задавальняюць. Агульны вынік выцягнула «беларуская мова», якую я добра ведаю.

Дарэчы, увогуле па краіне вынікі ЦТ-2017 не горшыя за леташнія. Так, на максімальныя 100 балаў тэсціраванне здалі 303 абітурыенты, з іх 250 — выпускнікі гэтага года, 53 — мінулых гадоў.

Па 100 балаў па двух прадметах атрымалі 11 абітурыентаў.

Усяго ж на ЦТ былі зарэгістраваныя каля 92 тыс. чалавек, аднак не прыйшлі на ЦТ прыкладна 2 тыс. чалавек. З выпрабаванняў былі выдалены 33 абітурыенты, у асноўным за выкарыстанне мабільных тэлефонаў.

На заметку: калі ў абітурыента не атрымліваецца самому забраць сертыфікат па ўважлівых прычынах (такія абставіны павінны быць пацверджаны дакументальна), то за непаўналетніх гэта могуць зрабіць іх законныя прадстаўнікі. Для гэтага ім трэба мець на руках дакумент, які засведчвае асобу і пацвярджае іх статус законнага прадстаўніка, а таксама натарыяльна завераную копію пашпарта абітурыента. Яна спатрэбіцца і тым, хто забірае сертыфікат па даверанасці.

Архивация PDF: 
Виды СМИ: 
Дата публикации: 
вторник, июля 11, 2017
Интеллектуальная ответственность: 

Папко, Юлія

Источник: 

Рэспубліка